Аарон (іўр.: אַהֲרֹן) — паводле біблейскага падання, першасвяштар ізраільскага народа, сын Амрама і Іахаведы, левіт, старэйшы брат прарока Майсея, дзейсны яго супрацоўнік і памочнік у справе вызвалення сваіх суайчыннікаў ад егіпецкай няволі.
Святарства
Паводле Бібліі, быў закліканы да гэтай дзейнасці самім богам, які адвёў яму 123 гады зямнога жыцця і надзяліў яго род правам першасвятарства. Менавіта ад яго першасвятарскі сан зрабіўся спадчынным і перадаваўся да старэйшага прадстаўніка ў яго родзе. Астатнія прадстаўнікі гэтага жрэчаскага роду выконвалі абавязкі святяроў. Аб велізарным значэнні гэтай жрэчаскай касты ў тагачасным грамадскім жыцці сведчыць той факт, што першасвятары прымалі самы дзейсны ўдзел як у рэлігійных, так і грамадска-палітычных справах. Яны служылі ў войску ў якасці кіраўнікоў, пісцоў і простых воінаў. Амаль усе ізраільскія суды былі запоўнены святарамі, якія судзілі народ па закону Майсея. Але галоўным і важнейшым іх абавязкам была служба алтару, вывучэнне закону і навучанне народа. Апрача іх ніхто не меў права набліжацца да алтара, запальваць свяцільні, курыць фіміям, прымаць ахвярапрынашэнні і ажыццяўляць розныя іншыя свяшчэнныя дзеянні. Галоўным жа начальнікам над святарамі і над усім племем левітаў з’яўляўся сам першасвятар, які прадстаўляў народ свайго племя, насіў спецыяльнае адзенне, быў кіраўніком судовых спраў, тлумачальнікам волі боскай і вестуном ісціны ў апошняй інстанцыі. Ён абвяшчаў будучы лёс краіны і народа, карыстаўся выключнымі правамі і адыгрываў выдатную ролю ў яго гісторыі, таму нярэдка здаралася, што вярхоўная ўлада і годнасць першасвятара спалучаліся ў адной асобе. Падзенне Іерусаліма ў часы Рымскай імперыі паклала канец існаванню іудзейскага першасвятарства.[2]
Выявы
У раннехрысціянскім і раннім сярэднявечным мастацтве Аарон часта выяўляўсяся юным, у антычных адзеннях (мазаікі царквы Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме, 432—440). З IX ст. замацавалася традыцыя ўяўляць Аарона старым, у першасвятарскім уборы. Выявы Аарона сустракаюцца ў складзе кампазіцый на біблейскія тэмы ў ліку старазапаветных прарокаў у роспісах і скульптуры гатычных парталаў, таксама ў візантыйскім і старажытнарускім мастацтве.
Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 159. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.