У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Агрыкала.
Іага́н Агры́кала (Шнайдэр, таксама Іаган Эйслебен; 20 красавіка 1492 — 22 верасня 1566, Берлін) — адзін з самых дзейных і заслужаных па ўвядзенні пратэстанцкай веры багасловаў.
Біяграфія
З 1515 г. жыў у Вітэнбергу, неўзабаве далучыўся да Марціна Лютэра, у 1519 г. суправаджаў яго на лейпцыгскі дыспут і ў 1525 быў адпраўлены ў Франкфурт-на-Майне, каб па жаданні тамтэйшага магістрата ўсталяваць у гэтым горадзе чын пратэстанцкага набажэнства. Па вяртанні адтуль ён быў настаўнікам і прыхадскім святаром у Эйслебене і ў 1536 г. заняў прафесарскую кафедру ў Вітэнбергу, дзе адбывалася распачатая ім яшчэ раней антынамісцкая спрэчка з Лютэрам і Філіпам Меланхтанам. Гэта спрэчка вымусіла яго ў 1536 годзе перасяліцца ў Берлін, дзе брандэнбургскі курфюрст Іаахім II прызначыў яго прыдворным прапаведнікам і генерал-суперінтэндэнтам. Агрыкалу прыпісваюць вядучую ролю пры падрыхтоўцы Аўгсбургскага інтэрыма.
Агрыкала памёр у Берліне пасля разнастайнай дзейнасці па распаўсюджванні пратэстанцкага вучэння ў брандэнбургскіх уладаннях. Акрамя шматлікіх багаслоўскіх сачыненняў, ён пакінуў пасля сябе сапраўдны нацыянальны твор «Die gemeinen deutschen Sprichwörter mit ihrer Auslegung», які выйшаў спачатку на ніжненямецкай мове (Магдэбург, 1528), а неўзабаве і на верхненямецкай (Нюрнберг, 1629); пазней ён быў выдадзены пад загалоўкам «Siebenhundert und Fünfzig Deutscher Sprichwörter» (Гагенау, 1534) і некалькі разоў перадрукоўваўся. Па патрыятычным духу, цвёрдай маралі і выразнай мове гэтым зборнікам належыць адно з першых месцаў у шэрагу нямецкіх сачыненняў таго часу.
Акрамя таго, Агрыкала напісаў некалькі царкоўных спеваў і «Tragedia Johannes Huss» (Вітэнберг, 1538), таксама перавёў у прозе «Andria» Тэрэнцыя (Берлін, 1543).
Зноскі
Літаратура