Гэта дэбютны сінгл, які быў запісаны Гілмэнам і выдадзены ў траўні 2000 года перад выпускам аднайменнага альбома. Дзякуючы гэтаму сінглу, Білі Гілмэн зрабіўся наймаладзейшым спеваком у стылі кантры, чыя песня трапіла ў асноўныя чарты. Гэтым самым Білі пераўзышоў рэкорд спявачкі Брэнды Лі, які трымаўся 43 гады. Сінгл адзначыўся амаль што ва ўсіх папулярных амерыканскіх чартах з пікавымі пазіцыямі на 20-ым радку ў «U.S. Billboard Hot Country Singles & Tracks» і на 38-ым радку ў чарце «U.S. Billboard Hot 100».
Сінгл намінаваўся на Грэмі ў лютым 2001 года ў катэгорыі «Найлепшае мужчынскае вакальнае выкананне ў стылі кантры», дзе саступіў «Solitary Man» Джоні Кэша, і ў катэгорыі «Найлепшая песня ў стылі кантры» для аўтараў песні, дзе яна саступіла «I Hope You Dance» ад Лі Эн Вумэк.
Песню «One Voice» напісалі Дон Кук і Дэвід Мэлой. «One Voice» закранае характэрную для ЗША праблему хатняга гвалту і захоўвання персанальнай зброі. Гэта погляд на штодзённыя праблемы праз вочы дзіцяці, які просіць аб дапамозе і атрымлівае яе ў канцы.
Песня "'Til I Can Make It on My Own" з'яўляецца кавер-версіяй сінгла Тэмі Вайнет 1976 года.
Музычнае відэа
Відэа для песні здымаў рэжысёр Трэй Фэнджой. У відэа Білі едзе дадому са школы на школьным аўтобусе і назірае розныя прыклады праявы гвалту праз вакно: сваркі паміж сямейнымі парамі, затрыманне злачынца паліцыяй. У гэты час іншы хлопчык, які знаходзіцца з Білі ў аўтобусе, хавае пісталет у заплечніку. У канцы відэа Білі бачыць, як гэты хлопчык выкідвае пісталет з моста ў раку, і дзякуе за тое, што яго малітва была пачута.