OnePlus One — смартфон кітайскай кампаніі OnePlus, пазіцыянаваны як «забойца флагманаў».[1][2] Гэта першы прадукт кампаніі.[3] Смартфон быў прадстаўлены 23 красавіка 2014 года.[4]
Кампанія выпусціла для ўсіх рэгіёнаў свету тэхнічна аднолькавую мадэль.[5][6]
Аперацыйная сістэма
У Кітаі OnePlus One выпускаўся з Oppo ColorOS на базе Android 4.3 «Jelly Bean». Ва ўсіх астатніх краінах на смартфоне была ўсталявана CyanogenMod 11S на базе Android 4.4.4 «KitKat».[7]
Першае абнаўленне для прылад з CyanogenMod да версіі CyanogenMod 12S (на базе Android 5.0.2) было выпушчана амаль праз год, 14 красавіка 2015 года. Абнаўленне ўсталёўвалася толькі праз самастойную загрузку файлаў.[8]
OnePlus One сумяшчальны і з іншымі аперацыйнымі сістэмамі, напрыклад, LineageOS і Paranoid Android. З LineageOS смартфон падтрымлівае Android 9.0 і Android 10.[9]
Продажы
OnePlus One можна было купіць толькі па спецыяльнаму запрашэнню праз сайт кампаніі OnePlus.[10] Кошт за версію 16 ГБ складаў 299$, версія 64 ГБ каштавала 349$.[11] 20 красавіка 2015 года кампанія адмяніла запрашэннi і адкрыла доступ усім.[12]
У Кітаі абмежаванняў на продаж у выглядзе запрашэнняў не было.[13]
У 2015 годзе з-за падзення курсу еўра да долара, кампанія OnePlus канвертавала доларавыя цэны 1:1.[14] Таму з 25 сакавіка 2015 года цана паднялася да 299 еўра (версія 16 ГБ) і 349 еўра (64 ГБ).[15]
У ліпені 2015 года кампанія паведаміла пра тое, што было прададзена 1,5 мільёна прылад у 35 краінах свету.[16]
Аксэсуары
Першапачаткова кампанія планавала выпусціць некалькі відаў зменных чахлоў з натуральных матэрыялаў.[17] Але з-за вытворчых дэфектаў фірмовыя чахлы так і не паступілі ў масавы продаж. Доўгі час на сайце кампаніі можна было замовіць толькі бамбукавую мадэль чахла.[18][19]