Ян Чыквін (18 мая 1940, в. Дубічы Царкоўныя, цяпер Гайнаўскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 14 лістапада 2022[1], Бельск-Падляскі) — беларускі паэт, перакладчык, гісторык рускай і беларускай літаратур. Доктар гуманітарных навук, прафесар.
Біяграфічныя звесткі
Скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта (1964). З 1969 года — навуковы супрацоўнік філіяла Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку, з 1985 года да 1997 года — Варшаўскага ўніверсітэта, з 1998 года — ва ўніверсітэце ў Беластоку. Старшыня Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Галоўны рэдактар часопіса «Тэрмапілы». Член Саюза польскіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Жыў у Бельску-Падляскім.
Творчасць
Дэбютаваў на старонках «Нівы» ў 1957 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Іду» (Беласток, 1969), «Святая студня» (Беласток, 1970), «Неспакой» (Беласток, 1977), «Светлы міг» (Мінск, 1989), «Кругавая чара» (Беласток, 1992), «Свет першы і апошні» (Беласток, 1997); у перакладзе на польскую мову выйшлі кнігі «На парозе свету» (Варшава, 1983), «Сонечная вязь» (Ольштын, 1988), «Адпачынак ля перасохлай крыніцы» (Беласток, 1996). Апублікаваў некалькі вершаў па-польску.
Паэзія Яна Чыквіна філасофская, сімвалічная, часам ускладнёна-метафарычная[2].
Як літаратуразнаўца вывучаў рускую паэзію «сярэбранага веку», у т.л. творчасць А. Фета. Аўтар зборніка «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997). Укладальнік кнігі «Беларускія пісьменнікі Польшчы. Другая палова XX ст.»[3]
Узнагароды
За асветніцкую дзейнасць узнагароджаны залатым медалём «Gloria Artis»[4].
Зноскі
Літаратура
Спасылкі