Яніна Антаніна Левандоўская, у дзявоцтве Доўбар-Мусніцкая (польск.: Janina Antonina Lewandowska z domu Dowbor-Muśnicka; 22 красавіка 1908 — красавік 1940) — польская планерыстка і лётчыца-аматарка, адзіная жанчына — ахвяра Катынскага расстрэлу.
Біяграфія
Нарадзілася ў Харкаве ў сям’і Юзафа Доўбар-Мусніцкага, афіцэра расійскай арміі, будучага польскага генерала.
Вучылася ў кансерваторыі, спрабавала сябе ў якасці артысткі, працавала тэлеграфісткай. Адначасова яна паступіла ў аэраклуб у Познані, скончыла курсы пілатавання і радыётэлеграфіі. У 1937 годзе атрымала пасведчанне спартыўнага пілота. У 1939 годзе ажанілася з Мечыславам Левандоўскім, інструктарам па планерызме.
Пасля нападу Германіі на Польшчу ў верасні 1939 года, пачуўшы, што ў Луцку ствараецца авіяцыйная часць, Яніна з таварышамі з аэраклуба накіравалася туды і была залічана ў III авіяцыйны полк. 22 верасня каля Гусяціна полк авіятараў акружылі савецкія войскі, якія ўварваліся ў Польшчу з усходу. Разам з іншымі афіцэрамі Яніна трапіла ў савецкі палон і была накіравана ў Казельскі лагер (Опціна пустынь).
У лагеры была ўзведзена ў званне падпаручніка адным са старэйшых афіцэраў[1].
Прозвішча Яніны Левандоўскай прыводзіцца ў этапным спісе на адпраўку ў распараджэнне Упраўлення НКУС па Смаленскай вобласці за нумарам 0401. У наступным спісе (№ 0402) захавалася дата — 20 красавіка 1940. Гэта азначае, што Яніна Левандоўская была расстраляная ў Катынскім лесе ў канцы красавіка 1940 года.
У 1943 годзе, калі нямецкія акупанты выявілі пахаванні расстраляных, яны знайшлі сярод іх рэшткі адной жанчыны. У 1945 годзе чэрапы эксгумаваных ахвяр расстрэлу патрапілі ў распараджэнне польскага прафесара судовай медыцыны Баляслава Папельскага. Да нашага часу іх засталося толькі сем, яны захоўваюцца ў Кракаве. Адзін з іх — жаночы. Экспертыза ДНК для пацверджання таго, што гэта чэрап Яніны Левандоўскай, верагодна, пакуль не была праведзена.
У адпаведнасці з загадам Міністэрства абароны Польшчы № 439/MON ад 5 кастрычніка 2007 года, ёй прысвоена званне «паручнік авіяцыі» (пасмяротна)[2]
Малодшая сястра Агнешка Доўбар-Мусніцкая была расстраляная немцамі ў тым жа 1940 годзе ў Пальмірах як удзельніца ваеннай арганізацыі «Ваўкі».
Зноскі
- ↑ Dr. Kazimiera J. Cottam, "Lewandowska, Janina, " Amazons to Fighter Pilots: A Biographical Dictionary of Military Women, Vol. I. Westport, Connecticut: Greenwood Press, 2003.
- ↑ Decyzja Nr 439/MON Ministra Obrony Narodowej z dnia 5 października 2007 w sprawie mianowania oficerów Wojska Polskiego zamordowanych w Katyniu, Charkowie i Twerze na kolejne stopnie oficerskie.
Літаратура
- Grajek J., Kronika działalności Towarzystwa Pamięci Generała Józefa Dowbora-Muśnickiego w Lusowie k. Poznania, Lusowo, 2000
- Urszula Olech, Pro Memoria. Janina Lewandowska, Wojskowy Przegląd Historyczny Nr 2 (128), Warszawa 1989
Спасылкі
Генеалогія і некрапалістыка | |
---|
|