Дзяржа́ўная ўстано́ва адука́цыі «Мікала́еўшчынская сярэ́дняя шко́ла імя́ Яку́ба Ко́ласа» — сярэдняя навучальная ўстанова ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.
У Мікалаеўшчынскай школе ў розныя часы навучаліся такія дзеячы беларускай культуры, як Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Антось Галіна, Мікола Маляўка, Алесь Сянкевіч і іншыя. Цяперашні будынак школы пабудаваны ў 1940—1948 гадах пры падтрымцы Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Гісторыя
Школа была заснавана ў 1866 годзе як народнае вучылішча пры Свята-Мікалаеўскай царкве. Спачатку яна налічвала чатыры аддзяленні: першае, другагадовае, другое і трэцяе. Заняткі праводзіліся толькі ўзімку. Першай настаўніцай была Ганна Знаменская — выхаванка Мінскай школы пачатковай адукацыі. У перыяд уваходжання Мікалаеўшчыны ў склад Польшчы навучанне адбывалася на польскай мове. Пасля далучэння Заходняй Беларусі з БССР, у Мікалаеўшчыне была адчынена сямігодка, у якой працавалі больш за 10 настаўнікаў, палова з якіх была выхадцамі з мясцовага насельніцтва. Школу наведвалі ня толькі дзеці, але і дарослыя[1].
У 1940 годзе дзяржава выдзяляе сродкі на будаўніцтва тыповага будынка сярэдняй школы. Да пачатку 1941 года былі ўзведзены сцены першага паверха будынка. Падчас Вялікай Айчыннай вайны недабудаваная школа была пашкоджана, знішчана бібліятэка. Пасля вайны адбудоўвалася спаленая ў 1940 годзе вёска і школа. Шмат увагі гэтаму ўдзяліў ураджэнец гэтых мясцін Якуб Колас. У лісце свайму сябру, першаму дырэктару сярэдняй школы Ігнацію Міцкевічу ён пісаў: «Як толькі прыеду на Беларусь, займуся мікалаеўшчынскімі справамі. Школу трэба паставіць, зрабіць яе на зайздрасць людзям». Намаганні паэта, які хадайнічаў, каб, напрыклад, выдзелілі для будаўніцтва лес, апраўдаліся: 1 кастрычніка 1948 года Мікалаеўшчынская сярэдняя школа адчыніла свае дзверы[2]. Адноўленая школа атрымала новы двухпавярховы будынак з калонамі, вырашаны ў стылі неакласіцызму. У ім знаходзіліся 11 класных кабінетаў, спартыўная зала, бібліятэка, фізічны і хімічны кабінеты і іншыя памяшканні. Першым дырэктарам у пасляваенны час быў Ігнат Міцкевіч.
Школа адной з першых у рэспубліцы ў 1967—1968 навучальным годзе ўзяла курс на паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і літаратуры. У 1960-я гады будынак навучальнай установы быў капітальна адрамантаваны, печкавае ацяпленне заменена на цэнтральнае, адчынена сталовая і інтэрнат. З 1964 года ў школе працуе літаратурны кружок для пачынаючых паэтаў «Маладыя каласкі», у якім вучыліся беларускія паэты і пісьменнікі Алесь Рыбак, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Сымон Белы. На сённяшні дзень дырэктарам з’яўляецца Лілія Кротава[1].
У школе працавалі Заслужаныя настаўнікі БССР:
- Мікалай Семяняка — у 1964 годзе яму першаму сярод настаўнікаў фізічнай культуры Беларусі было прысвоена гэта званне;
- Лянгіна Цвірко — нарадзілася ў Мікалаеўшчыне, вучылася і працавала ў гэтай школе больш за 40 гадоў;
- Аркадзь Каменка — працаваў дырэктарам школы 27 гадоў[1].
Школьны музей
У 1963 годзе быў адчынены школьны філіял музея Якуба Коласа, які штогод наведвала каля 3-5 тысячаў экскурсантаў. У 2006 годзе быў заснаваны этнаграфічна-літаратурны музей «Спадчынны куток», які адкрываў Міхась Міцкевіч. Музей размяшчаецца ў асобным памяшканні, плошча якога складае 43,95 квадратных метраў і налічвае 172 прадмета ў асноўным фондзе і 105 — у дадатковым. Маюцца тры экспазіцыі: «Мой родны кут…» — месцы, звязаныя з жыццём Я.Коласа, Мікалаеўшчына — калыска паэта і яго землякоў, Мікалаеўшчына літаратурная. На працягу навучальнага года на базе музея праводзяцца выставы, лекцыі, пазакласныя мерапрыемствы, на якіх прысутнічаюць як навучэнцы гэтай установы адукацыі, так і госці — навучэнцы з іншых устаноў адукацыі[1]. Адзін з галоўных экспанатаў музея — партрэт Коласа 1963 года мастака Уладзіміра Стальмашонка, які перадаў яго у родную школу паэта. Таксама маецца альбом з вёскі Пінкавічы Пінскага раёна, дзе выкладаў у свой час пісьменнік, у якім ёсць успаміны тагачасных вучняў настаўніка[2].
Вядомыя навучэнцы
- Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) — адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, Народны паэт Беларусі
- Язэп Лёсік — беларускі нацыянальны дзеяч, пісьменнік, Акадэмік АН БССР
- Міхась Міцкевіч (Антось Галіна) — беларускі грамадскі і культурны дзеяч
- Аляксандр Сянкевіч — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец, публіцыст
- Мікалай Маляўка — беларускі паэт і перакладчык
- Алесь Камароўскі — беларускі пісьменнік
- Сымон Белы — беларускі пісьменнік, заслужаны настаўнк БССР
- Павел Дземідовіч — беларускі этнограф, фалькларыст, краязнаўца
- Міхась Белы — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, які выступаў супраць палітыкі русыфікацыі Беларусі
- Лявон Белы — беларускі публіцыст, выступаў супраць палітыкі русыфікацыі Беларусі
- Алесь Рыбак — беларускі пісьменнік
- Уладзімір Мархель — беларускі літаратуразнавец, паэт, перакладчык
- Яўген Хвалей — беларускі паэт, крытык, публіцыст
- Іван Ксяневіч — прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР за трактар МТЗ-80
Зноскі