Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага — праваслаўны храм Віцебска. Знаходзіцца на плошчы 1000-годдзя Віцебска. Пабудавана ў 1996 г. з дрэва (архітэктар Я. Калбовіч) у час рэстаўрацыі Дабравешчанскай царквы, побач з ёй.
Архітэктура
Вырашана ў стылі царкоўнай архітэктуры Рускай Поўначы (знак удзячнасці архітэктара людзям, якія апекаваліся аб ім у дзяцінстве). Ашаляваны прамавугольны ў плане зруб пераходзіць у 3-гранную апсіду. Вальмавы дах над ёй завершаны цыбулепадобнай галоўкай з лемехавым пакрыццём. Над 2-схільным дахам зруба малітоўнай залы ўрэзаны чацвярык з васьмерыком, завершаны высокім шатром з лемехавай галоўкай. Уваход вырашаны 2-схільнай навіссю з падкарнізнымі падзорамі.
У інтэр'еры на ветразях адкрыты светлавы барабан, над прытворам — хоры, адкрытыя невялікім арачным праёмам. Сцены і столь ашаляваны.
Літаратура
- Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага // Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін. - Мн., 2007. - С. 80.