«Устава на валокі» — інструкцыя распрацаваная ў 1557 годзе ў Вялікім Княстве Літоўскім, паводле ўмоў якой праводзілася аграрная рэформа («памера валочная» або «валочная памера») і перагляд (рэвізія) пераўтварэнняў, зробленых па пачатковым этапе рэформы ў адпаведнасці з ранейшымі ўставамі, выдадзенымі для асобных уладанняў.
Перадумовы
Да сярэдзіны 16 стагоддзя ў ВКЛ захоўваліся даўнейшыя архаічныя, традыцыйныя сістэмы сялянскага землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Старыя сістэмы не ўлічвалі ўсе актуальныя для 16 ст. гаспадарчыя рэсурсы і магчымасці зямельных угоддзяў, што памяншала магчымыя даходы ўласнікаў гэтых угоддзяў — дзяржавы і феадалаў. Гэта абумовіла рэарганізацыю старых сістэм шляхам вымярэння зямлі на валокі (30 моргаў, або 21,36 га), вызначэння якасці глебы і ўвядзення валокі ў якасці асноўнай адзінкі абкладання ў дзяржаве.
Правядзенне
Упершыню аграрную рэформу ў сваіх уладаннях (Давыд-Гарадок, Пінск, Клецк і некаторыя іншыя) у 1540 — пачатку 1550-ых гадоў правяла Бона Сфорца, жонка караля і вялікага князя Жыгімонта Старога. У кожным уладанні рэформа праводзілася на аснове спецыяльных інструкцый (Устаў). Амаль адначасова паводле асобнай Уставы пачала праводзіцца рэформа ў гаспадарскіх уладаннях яе сына Жыгімонта Аўгуста. Да 1557 года рэформа была завершана ў многіх гаспадарскіх уладаннях заходняй часткі ВКЛ. Але яе прынцыпы і іх рэалізацыя былі прызнаны незадавальняючымі.
У 1557 годзе была распрацавана новая інструкцыя — «Устава на валокі», на аснове якой пачалася суцэльная рэвізія, г. зн. перагляд папярэдняй памеры. «Устава на валокі», па сутнасці, стала новай памерай. Гэтая другая памера была скончана ў 1568 годзе і ахапіла ўсе гаспадарскія ўладанні заходняй часткі ВКЛ.
У 1560 годзе была праведзена аграрная рэформа ў гаспадарскіх Падняпроўскіх («рускіх») валасцях. Тут яна праводзілася на аснове спецыяльнай уставы, якая ўлічвала сацыяльна-эканамічныя асаблівасці гэтага рэгіёна.
У гаспадарскіх уладаннях Падзвіння аграрная рэформа не праводзілася, таму што яна ў ходзе Лівонскай вайны (1558—1583) стала арэнай актыўных ваенных дзеянняў.
Валочная памера ў гаспадарскіх уладаннях Усходняй Беларусі пачалася ў канцы XVI ст. У гаспадарскіх уладаннях зямля вымяралася на валокі не па 30 моргаў, а па 33 (23,5 га), а іншы раз і больш. Нягледзячы на тое, што сяляне маглі атрымаць па валоцы, яны звычайна бралі толькі па паўвалокі зямлі на гаспадарку.
Усе валокі вёскі ў залежнасці ад канкрэтных умоў па характару галоўных павіннасцей размяркоўваліся на «цяглыя», «асадныя» і «вольныя» (для сялян-слуг, якія вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей, сялян іншых катэгорый). Мяркуючы па даных рэестраў валочнай памеры, у гаспадарскіх маёнтках пераважалі асадныя, або чыншавыя, валокі, што сведчыць аб выключна шырокім распаўсюджванні ў гэтых уладаннях грашовай рэнты.
З кожнай валокі зямлі былі ўстаноўлены дакладна вызначаныя віды і нормы павіннасцей. Віды галоўных і іншых павіннасцей залежалі ад павіннаснага характару валок, а нормы — ад якасці зямлі. Яна дыферэнцыравалася на чатыры катэгорыі: «добрая», «сярэдняя», «дрэнная» і «вельмі дрэнная». Гэта значыць, што ўпершыню ўлічвалася розная эфектыўнасць працы на землях рознай якасці. Такім чынам, агульны памер павіннасцей таксама ўпершыню быў абумоўлены як памерам надзелу, так і якасцю зямлі.
Галоўнай павіннасцю з асаднай валокі была «асада» — плацяжы грашамі — па 30 грошаў. Разам з галоўнай асадныя сяляне абавязаны былі выконваць і іншыя асноўныя павіннасці: плаціць па 12 грошаў за талокі і па 10 грошаў за «гвалты», г. зн. тэрміновыя работы ў надзвычайных выпадках (пажары, паводкі і да т. п.). Вартасць гэтых асноўных павіннасцей у грашовым выражэнні складала 52 грошы.
Галоўнай павіннасцю з цяглай валокі была паншчына па два дні на тыдзень на працягу 49 тыдняў. Замест шасці дзён паншчыны на працягу трох тыдняў зімовых і вясновых рэлігійных святаў цяглыя сяляне абавязаны былі выконваць чатыры дні талок улетку. Значыць, яны хадзілі на працу ў фальварак 102 дні на год.
Агульная вартасць асноўных павіннасцей у грашовым выражэнні складала, напрыклад, з асаднай валокі добрай зямлі 106 грошаў, сярэдняй — 97, дрэннай — 83 і вельмі дрэннай — 66.
Апроч асноўных, сяляне абавязаны былі выконваць і шэраг дадатковых павіннасцей: скошваць фальварачныя сенажаці, перавозіць грузы, будаваць, рамантаваць і вартаваць панскія, двары і г. д.
Рэарганізацыя ў 1560 годзе сістэмы землекарыстання і абкладання сялянства павіннасцямі ў гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцях заключалася ў вымярэнні ворыва на «службы» — участкі на 30 салянак (бочак) высеву зерневых, што адпавядае 30 моргам, або валоцы зямлі. Служба была ўведзена замест дыма ў якасці новай адзінкі абкладання. Пры гэтым вызначалася і якасць зямлі кожнай службы: «добрая», «сярэдняя» і «дрэнная». Адну службу зямлі бралі, як правіла, дзве сялянскія гаспадаркі. Адначасова таксама высвятлялася наяўнасць сенажацяў (у вазах сена), рыбалоўных і паляўнічых угоддзяў. Удакладняліся і апісваліся знешнія межы ўсіх зямель вёсак.
За карыстанне службамі і іншымі ўгоддзямі былі ўстаноўлены дакладна вызначаныя віды і нормы павіннасцей. Нормы іх былі дыферэнцыраваны ў залежнасці ад якасці зямлі, плошчы сенажацяў і наяўнасці прамысловых угоддзяў і велічыні прыбыткаў з апошніх. Нормы галоўнай павіннасці — плацяжу грашамі са службы — былі наступнымі: 60 грошаў — з добрай зямлі, 50 — з сярэдняй і 40 — з дрэннай. Іншыя асноўныя павіннасці складалі бочку збожжа і бочку аўса, 4 пенязі (0,4 гроша) за воз сена, 20 або 25 грошаў за пуд (медніцу) мёду (у залежнасці ад велічыні мясцовых мер). У якасці дадатковых сяляне выконвалі шэраг павіннасцей натурай і грашамі на карысць розных прадстаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі (ураднікаў). Па вышэйвыказаных прычынах, агульныя памеры плацяжоў сялян са служб у розных вёсках не былі аднолькавымі.
Такім чынам, адным з важных вынікаў аграрнай рэформы ў гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцях было канчаткова пераўтварэнне сялян-даннікаў у сялян-чыншавікоў. Гэта таксама ўскосна сведчыць аб значнай ролі сувязей гаспадарак такіх сялян з унутраным рынкам.
Істотныя змены ў сістэме землекарыстання і абкладання сялян адбыліся ў тых маёнтках свецкіх і духоўных феадалаў, у якіх была праведзена валочная памера. Пры значным у цэлым падабенстве відаў і нормаў асноўных павіннасцей з валокі зямлі ў розных уладаннях яны ўсё ж многімі дэталямі прыкметна адрозніваліся ад адпаведных устанаўленняў Уставы на валокі 1557 г. Так, напрыклад, нормы паншчыны вызначаліся ад 2 да 5 дзён на тыдзень, чыншу — ад 20 да 50 грошаў, асады — ад 60 да 120 грошаў, талок — ад адсутнасці да 12 дзён на год.
Аграрная рэформа галоўным чынам у выніку ўвядзення больш поўнага і дакладнага ўліку і абкладання асноўных рэсурсаў сялянскай гаспадаркі прывяла да значнага павелічэння даходаў феадалаў за кошт далейшага ўзмацнення эксплуатацыі сялянства.
Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых двухсот гадоў яго развіцця. Тым самым яна паклала пачатак новаму этапу эвалюцыі сістэмы феадальнай эксплуатацыі беларускага сялянства.