Універсітэт імя Кім Ір Сена (кар. 김일성종합대학, 金日成綜合大學, Gim Il-seong Jonghap Daehak, Kim Il-sŏng Chonghap Taehak) — найбуйнейшая ўстанова вышэйшай адукацыі Паўночнай Карэі, «вышэйшы храм чучхэйскай адукацыі і магутная база для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў краіны».[1]
Універсітэцкі гарадок размешчаны ў Тэсонскім раёне Пхеньяна і займае плошчу 1,56 мільёна квадратных метраў.
З гісторыі
Заснаваны 1 кастрычніка 1946 года па асабістым указанні Кім Ір Сена і названы ў яго гонар. На базе факультэтаў, якія вылучыліся з універсітэта, пазней быў створаны шэраг іншых вышэйшых устаноў — Політэхнічны ўніверсітэт імя Кім Чхэка, Пхеньянскі медінстытут, Вансанскі сельскагаспадарчы інстытут.
Ва ўніверсітэце навучаліся многія прадстаўнікі партыйна-дзяржаўнай эліты КНДР, уключаючы кіраўнікоў краіны Кім Чэн Іра і Кім Чэн Ына. Універсітэт двойчы ўзнагароджаны Ордэнам Кім Ір Сена.
Сучасны стан
У наш час універсітэт аб’ядноўвае 3 інстытуты (юрыдычны, літаратурны і камп’ютарны), 13 факультэтаў (эканамічны, гістарычны, філасофскі, замежных моў і літаратуры, фізічны, механіка-матэматычны, хімічны, навукі жыцця, навукі навакольнага асяроддзя Зямлі, геалагічны, атамнай энергіі, фізкультуры, перападрыхтоўкі кадраў), больш за 10 НДІ і навуковых цэнтраў.
Таксама ў складзе ўніверсітэта знаходзяцца прыродазнаўчанавуковы музей, бібліятэка, выдавецтва, друкарня, Дом спорту, інтэрнаты і г.д.
Ва ўніверсітэце навучаецца больш за 10000 студэнтаў і працуе больш за 2000 выкладчыкаў, у тым ліку 400 акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў АН, прафесараў і дактароў навук.
У сілу закрытага характару паўночнакарэйскага грамадства міжнародныя сувязі ўніверсітэта развіты слаба, аднак ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з некаторымі ўніверсітэтамі Кітая і Расіі.
Зноскі
Спасылкі