Студэ́нт (лац.: studens — стараннік) — навучэнец вышэйшай навучальнай установы. Пры вочным навучанні слухае лекцыі і ўдзельнічае ў семінарах. Затым здае залікі і экзамены, выконвае курсавыя працы і ўдзельнічае ў практыцы паводле спецыяльнасці. Пры сканчэнні навучання выконвае дыпломную працу. Пры завочным навучанні абавязваецца наведваць ВНУ толькі для здачы экзаменаў.
На студзень 2012 г. у 55 ВНУ Беларусі навучаліся звыш 450 тыс. студэнтаў (4,7 % насельніцтва Беларусі), з іх 96 тыс. першакурснікаў. У Мінску навучаліся 53 % студэнтаў. Навучанне ў 64 % выпадкаў ажыццяўлялася платна за ўласныя сродкі. 34 % студэнтаў атрымлівалі вышэйшую адукацыю за кошт урадавых выдаткаў у абмен на адпрацоўку па размеркаванні. Прадпрыемствы аплочвалі навучанне 2 % студэнтаў з ліку сваіх супрацоўнікаў. На верасень 2011 г. стыпендыю атрымлівала палова студэнтаў. Іншагароднія складалі 56 % студэнтаў. У студэнцкіх гуртажытках пражывалі каля 82 тыс. студэнтаў дзённага навучання (2/3 іншагародніх заяўнікаў). Моладзь ва ўзросце ад 17 да 24 гадоў складала 82 % студэнтаў. Мужчыны — 41 %. Таксама ў ВНУ Беларусі навучаліся 11 тыс. замежных грамадзян (2,4 % ад агульнага ліку)[1].