Рэўнасць — непрыязна-варожае пачуццё ў адносінах да поспехаў, набыткаў або папулярнасці іншай асобы.
Усякія праявы рэўнасці ў грамадскай дзейнасці людзей, у працы, навуцы, палітыцы, адносінах паміж людзьмі лічацца адмоўнымі пачуццямі, бо яны заснаваны на эгаізме, славалюбстве і зайздрасці да поспехаў іншых людзей. Асаблівы выпадак - рэўнасць у адносінах паміж поламі. Псіхолагі адрозніваюць два віды рэўнасці: «тыранічную» і «ад ушчамлёнасці». Першая ўласціва звычайна людзям эгаістычным, дэспатычным, самазадаволеным, не здольным на бескарыслівае каханне. Рэўнасць «ад ушчамлёнасці» ўласціва людзям з недаверлівым характарам, няўпэўненым у сваіх магчымасцях, схільным бачыць небяспеку там, дзе яе няма.
Літаратура
Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. ISBN 985-11-0108-7