Разе́ц — востраканцовая прылада з пласціны ці адшчэпа крэменю, прызначаная для разьбы, гравіроўкі, выразання пазоў і расчлянення косці, рога, дрэва.
Рабочая частка, або галоўка разца, звычайна ў форме двухграннага вугла, утварае пры перасячэнні граней вузкі кант, які нясе асноўную функцыянальную нагрузку. Адна з граней галоўкі разца звычайна афармлялася з дапамогаю спецыяльнага тэхнічнага прыёму — разцовага сколу, вузкай пласцінкі, адшчэпленай ударным спосабам у тарцовай плоскасці загатоўкі. Другая грань атрымлівалася пры простым абломванні канца пласціны метадам усячэння яго крутой рэтушшу або шляхам зняцця другога разцовага сколу.
У залежнасці ад спосабу падрыхтоўкі рабочай часткі вылучаюць 3 асноўныя тыпы разцоў:
- на вугле зламанай загатоўкі,
- рэтушныя, ці бакавыя,
- двухгранныя, ці сярэдзінныя.
Былі шырока распаўсюджаны ў эпоху позняга палеаліту. На тэрыторыі Беларусі існавалі на працягу каменнага веку.
Літаратура
- Кудрашоў, В. Я. Разец / В. Я. Кудрашоў // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.
- Кудрашоў, В. Я. Разец / Віктар Кудрашоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 85. — ISBN 985-11-0214-8.
- Кудрашоў В. Я. Разец // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 258. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Орудия каменного века. — Киев: Наукова думка, 1978. — 136 с.