Мяркуецца, што будаўніцтва, якое доўжылася дваццаць гадоў, пачалося каля 2560 года да н. э. Вядомыя дзясяткі егіпецкіх пірамід. На плато Гіза самыя вялікія з іх — піраміды Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра) і Мікерына (Менкаўра). Архітэктарам Вялікай піраміды лічыцца Хеміун, візір і пляменнік Хеопса. Ён таксама насіў тытул «Кіраўнік ўсімі будоўлямі фараона». Больш за тры тысячы гадоў (да пабудовы кафедральнага сабора ў Лінкальне, Вялікабрытанія, каля 1300 года) піраміда заставалася самай высокай пабудовай на Зямлі.
Пабудавана архітэктарам Хеміунам. Суадносіны ўсіх частак збудавання заснаваны на прапорцыях так званага залатога сячэння. Вышыня піраміды 146,6 м, даўжыня кожнага з бакоў квадратнай асновы складае 233 м. Піраміда выкладзена з вялікіх блокаў вагой ад 2,5 да 30 т. Агульная іх колькасць дасягае 2 млн 300 тыс. Блокі ўтрымліваюцца без сувязнага раствора пад сваім цяжарам. Знадворку піраміда была пакрыта паліраванымі вапняковымі плітамі. Яны блішчэлі на сонцы, і гэта стварала яшчэ большае ўражанне велічнай магутнасці, урачыстасці. Піраміда Хеопса была часткай вялікага архітэктурнага ансамбля, куды ўваходзілі, акрамя памінальных храмаў, скульптура сфінкса з партрэтнай выявай фараона і тулавам ільва.
Літаратура
Лазука, Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4