Помнік Аляксандру II — помнік расійскаму імператару Аляксандру II. Першы скульптурны помнік, усталяваны ў Мінску ў студзені 1901 г. Знаходзіўся ў скверы на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды), каля мінскай ратушы. Дэмантаваны ў 1917 годзе.
Апісанне
Пастамент уяўляў сабой чатырохкантовую прызму з чорнага граніту. Сам бюст імператара выкананы з бронзы. Надпіс на помніку: «Імператару Аляксандру II. Удзячныя грамадзяне горада Мінска. 1900 год». Ля падножжа помніка стаялі мармуровыя слупкі, злучаныя ланцугом. У цёмны час сутак ён асвятляўся двума электрычнымі ліхтарамі, якія стаялі абапал.
Гісторыя
Помнік Аляксандру II быў першым менавіта скульптурным помнікам, усталяваным у Мінску. Урачыстае адкрыццё помніка, як новай славутасці горада, сабрала вялізную колькасць мінчукоў і гасцей горада. Перад іх позіркамі паўстаў бронзавы бюст цара-вызваліцеля ўсталяваны на чатырохкантовай прызме. Вызваліцелем Аляксандра II называлі таму, што ён адмяніў прыгоннае права. Хоць у самой Беларусі стаўленне да яго было неадназначным, і ад беларусаў ён нават атрымаў мянушку «крывавы» — у памяць пра жорстка падушанае царскімі войскамі вызваленчае паўстанні 1863-1864 гг. пад правадырствам Кастуся Каліноўскага. Тым не менш, шмат у чым дзякуючы гэтаму манументу Яго Вялікасці сквер стаў элітарным.
У адпаведнасці з прадпісаннем гарадскога савета ў парк было забаронена ўпускаць асоб «непрыстойна і брудна апранутых: гандляроў, чорнарабочых і майстравых».
Пасля рэвалюцыі 1917 года, помнік новай уладай быў дэмантаваны. Замест яго быў усталяваны помнік «Салдат-рэвалюцыянер» па праекце мінскага архітэктара і скульптара А. Краснапольскага. Ён уяўляў сабой фігуру байца (хутчэй за ўсё з гіпсу) у салдацкім шынялі з вінтоўкай у руках. Але гэты помнік прастаяў нядоўга — да германскай акупацыі 1918 г. Ён быў разбураны — у лютым 1918 г., кайзераўскія салдаты, якія ўвайшлі ў Мінск, разбілі скульптуру прыкладамі вінтовак.
Дадатковая інфармацыя
У красавіку 1918 года Ленін падпісаў у Маскве дэкрэт: «Пра знішчэнне помнікаў, пастаўленых у гонар цароў, якія не маюць мастацкай каштоўнасці, і распрацоўцы праектаў помнікаў Расійскай сацыялістычнай рэвалюцыі». На падставе гэтай пастановы, усе манументы часоў Расійскай імперыі ў Беларусі, за выключэннем некалькіх ваенных мемарыялаў, былі знішчаны на працягу двух гадоў.
Спасылкі
|
---|
|
Будынкі і збудаванні | |
---|
Іншае | |
---|
Страчаная спадчына | |
---|