Народны танец — фальклорнытанец, які ўтварыўся ў натуральным асяроддзі і мае пэўныя традыцыйныя для дадзенай мясцовасці рухі, рытмы, касцюмы і г.д. Фальклорны танец — гэта стыхійная праява пачуццяў, настрою, эмоцый і выконваецца ў першую чаргу для сябе, а потым — для гледача (грамадства, групы).
Гісторыя
Характэрныя асаблівасці агульнаславянскай культуры пачалі фармавацца ў далёкім мінулым, гэта тычыцца песень, танцаў, адзення і нават прычосак. Першыя танцы паўсталі, як праява эмацыйных уражанняў ад навакольнага свету. Танцавальныя руху развіваліся таксама і з прычыны імітацыі рухаў жывёл, птушак, а пазней — жэстаў, якія адлюстроўвалі пэўныя працоўныя працэсы (напр., некаторыя карагоды). Першапачатковы танец, як і песня, выконваў магічную ролю, таму сярод каляндарна-абрадавых танцаў захавалася больш за ўсё архаічных рыс.