Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў мястэчку Капыль Слуцкага павета. У 1915—1918 гадах праз Першую сусветную вайну ў бежанстве. Жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у расійскай Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў Канстанцін Цыялкоўскі[1]. Вярнуўшыся з бежанства, вучыўся ў вучылішчы мястэчка Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 годзе ўступіў у камсамол.
У 1919 годзе баец бальшавіцкага харчатрада (дзейнічаў у Пацейкаўскай, Старыцкай і Целядовіцкай валасцях Слуцкага павета). З 1921 года ў часці асобага прызначэння. У 1923 годзе сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 годзе камісар Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1926 годзе ўступіў у камуністычную партыю.
У 1928 годзе скончыў рабфак у Менску, у 1931 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 гадах рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года. У 1933—1934 гадах загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 гадах адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў». У 1934 годзе быў дэлегатам Першага ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў. У 1932 годзе разам з Іларыем Барашкам і Пятром Глебкам ездзіў у Сярэднюю Азію, наведаў калгасы і саўгасы Узбекістана, у 1935 годзе ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў наведаў Грузію.
Патрапіў пад палітычныя рэпрэсіі, у 1936 годзе выключаны з ВКП (б). Арыштаваны 3 жніўня 1938 года ў Менску па адрасе вуліца Маскоўская, дом 24, кватэра 10[2]. 16 ліпеня 1940 года асуджаны асобай нарадай НКУС на 8 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаванай справе «за ўдзел у антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі». Знаходзіўся ў зняволенні ў лагерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усцьвытлагу (пасёлак ВажаёльКомі АССР). З 1946 года працаваў у Каршы Узбекскай ССР загадчыкам планава-эканамічнага аддзела. Паўторна арыштаваны 22 траўня 1949, сасланы ў ЕнісейскКраснаярскага края. Рэабілітаваны 28 верасня 1955 года.
З артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924 годзе. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 годзе выйшла першая кніга («Настроі»). Выйшлі таксама кнігі паэзіі «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).
Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).