У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Амельяновіч.
Мікалай Уладзіміравіч Амельяновіч (22 верасня 1937, в. Міхнавічы, Сялецкая гміна, Пружанскі павет, Палескае ваяводства, Польская Рэспубліка (цяпер — Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь) — 1 лютага 2013) — беларускі эканаміст, Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (1991). Заслужаны эканаміст Рэспублікі Беларусь.
Біяграфія
У 1965 г. скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у Мінфіне Беларускай ССР на розных пасадах (эканаміст, старшы рэвізор, начальнік інспекцыі дзяржаўных даходаў, начальнік аддзела, намеснік начальніка ўпраўлення). З 1982 да 1984 гг. — дырэктар Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа. З 1984 па 1986 г. — намеснік, потым першы намеснік міністра фінансаў Беларускай ССР. Загадам Дзяржбанка СССР ад 22 кастрычніка 1986 г. па ўзгадненні з эканамічным аддзелам ЦК КПСС прызначаны кіраўніком Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР. У сувязі з рэарганізацыяй банкаўскай сістэмы на падставе пастановы ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 17 ліпеня 1987 г. № 821 Бюро ЦК КПБ (Пастановай ад 27 кастрычніка 1987 г.) дало згоду на зацвярджэнне Амельянавіча Старшынёй праўлення Беларускага рэспубліканскага банка Дзяржбанка СССР.
Пасля прыняцця законаў «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР», якія ўступілі у сілу 1 студзеня 1991 г., М. Амельяновіч заняў пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі. Аднак, ужо ў чэрвені 1991 г. М. Амельяновіч сышоў з пасады старшыні праўлення Нацбанка Беларусі. Яго пераемнік, Станіслаў Багданкевіч, казаў: «Ён зразумеў, што не ў стане стварыць сістэму, улічваючы адсутнасць прафесійных глыбокіх ведаў спецыяліста-манетарыста. Я спачатку думаў, што яго выганяюць, а ён мне сам сказаў, што хацеў сысці»[1]. У 1991—1995 гг. першы намеснік старшыні праўлення Ашчаднага банка, затым першы намеснік старшыні праўлення Тэхнабанка.
Зноскі
Творы
Артыкулы