Ма́рджары Бултан (англ.: Marjorie Boulton 7 мая 1924 — 30 жніўня 2017) — эсперантамоўная паэтэса, празаік і драматург, эсперантолаг; адна з найбольш выдатных прадстаўнікоў «англійскай школы» ў эсперанцкай паэзіі . Член Акадэміі эсперанта.
Нарадзілася 7 мая 1924 года, англічанка. Вучылася ў Оксфардскім універсітэце; мела доктарскую ступень па літаратуразнаўству[6]. Паводле прафесіі — выкладчык англійскай мовы і літаратуры. З 1949 года — эсперантыст. Аўтар больш як 20 кніг на эсперанта і англійскай мове.
Пяру Бултан належаць некалькі зборнікаў вершаў і паэм, зборнік тэаральных п’ес «Жанчына каля мяжы»[8] і шэраг празаічных твораў. Мяккі гумар, выразны гуманістычны кірунак вершаваных мініяцюр і паэм паэткі выдвігаюць яе ў шэраг найбольш таленавітых эсперантамоўных паэтаў.
Пасля апублікавання вершаў Бултан у эсперанцкай перыёдыцы паследаваў яе дэбютны паэтычны зборнік «Кантральта», які быў выдадзены ў 1955 годзе. Падчас напісання твораў, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, паэтэса натхнялася багатым вопытам настаўніка і падарожніка (яна ўдзельнічала, у прыватнасці, у працы шматлікіх эсперанцкіх кангрэсаў).
Ад зборніка да зборніка тэматыка паэтычных твораў М. Бултан становіцца ўсё больш разнастайнай. Калі ў яе зборніку «Часціцы» былі пераважна адлюстраваны праблемы, якія трывожылі чалавека XX стагоддзя, то зборнік «Сто вясёлых песень» складаецца з вершаваных мініяцюр, якія адлюстроўваюць светлыя бакі жыцця і адрозніваюцца тонкім гумарам.
Улюбёны вершаваны памер паэткі — пяцістопны ямб. У сваіх паэтычных творах яна актыўна карыстаецца дысананснымі рыфмамі, нанізваючы іх цэлымі гронкамі: lumo — amo — komprenemo, mondo — grundo — legendo і г. д.
У кнігу «Жанчына каля мяжы»[8] ўвайшлі аднаактныя п’есы разнастайнага зместу — лірычныя і трагічныя, дыдактычныя і фантастычныя. Поспехам карысталася драма М. Бултан «Быць ці не быць» (эспер.: Esti aŭ ne esti), у якой апавядаецца аб жахлівых наступствах вайны з прымяненнем атамнай зброі і якая была пастаўлена Венгерскім эсперанта-тэатрам.
У 1960 годзе М. Бултан апублікавала на англійскай мове «Біяграфію Заменгофа», дзе былі прыведзены раней невядомыя дакументы аб жыцці заснавальніка эсперанта. У 1962 годзе гэтая кніга была выдадзена ў перакладзе на эсперанта; гісторыкі эсперанта-руху адносяць яе да лепшых з існуючых біяграфій Л. Л. Заменгофа.
Асноўныя творы
- Boulton M. Kontralte. — La Laguna, 1955.
- Boulton M. Cent ĝojkantoj. — Chorleĵood, 1957.
- Boulton M. Eroj. — La Laguna: Stafeto, 1959.
- Boulton M. Virino ĉe landlimo. — 1959.
- Boulton M. Zamenhof, aŭtoro de Esperanto. — La Laguna: Stafeto, 1962.
- Boulton M. Dekdu piedetoj. — Eastbourne, 1964.
- Boulton M. Okuloj. — La Laguna: Stafeto, 1967.
- Boulton M. Ne nur leteroj al plum-amikoj.
Зноскі
Літаратура
- Королевич А. И. Книга об эсперанто. — К.: Наукова думка, 1989. — 256 с. — ISBN 5-12-000985-9..
- Токарев Б. В. Об эсперантской поэзии // Проблемы международного вспомогательного языка. — М.: Наука, 1991. — С. 143—161. — ISBN 5-02-016810-6.