Ламбардская ліга (італ.: Lega Lombarda) — саюз з 16 паўночна-італьянскіх гарадоў (склад не быў нязменным) у супрацьстаянні са Свяшчэннай Рымскай імперыяй.
Ліга была створана 7 красавіка 1167 года ў манастыры Панціда. Яе заснавальнікамі былі — Мілан, Лодзі, Ферара, Парма і П'ячэнца. Дагавор паміж імі быў падпісаны на 20 гадоў для барацьбы з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі супраць яго панавання ў ламбардскіх гарадах. На працягу красавіка — снежня 1167 года да Лігі далучыліся і іншыя гарады.
У бітве пры Леньяна ў 1176 годзе Ламбардская ліга сіламі гарадскіх апалчэнняў ушчэнт разбіла рыцараў Фрыдрыха I Барбаросы, вымусіўшы апошняга ў 1183 годзе прызнаць самастойнасць гарадоў Ламбардскай Лігі. Ламбардская ліга была адноўлена ў 1198 годзе на 10 гадоў.
У 1226 годзе ў сувязі са спробай Фрыдрыха II Штаўфена скарыць Ламбардыю зноў адноўлена на 11 гадоў.
Удзельнікі Лігі
- Мілан — з 7 красавіка 1167 года;
- П'ячэнца — з 7 красавіка 1167 года;
- Ферара — з 7 красавіка 1167 года;
- Лодзі — з 7 красавіка 1167 года;
- Парма — з 7 красавіка 1167 года;
- Крэмона;
- Мантуя;
- Бергама;
- Брэшыя;
- Балоння;
- Падуя;
- Трэвіза;
- Вічэнца;
- Венецыя;
- Верона.