Карын Жан-П’ер (англ.: Karine Jean-Pierre; нар. 13 жніўня 1974, Форт-дэ-Франс, Францыя) — амерыканская палітычная дзяячка гаіцянскага паходжання, прэс-сакратарка Белага дома.
Біяграфія
Бацькі Карын Жан-П’ер — імігранты: бацька — кіроўца таксі, маці — уладальніца салона прыгажосці ў Нью-Ёрку. Яе бацькі хацелі, каб яна стала практыкуючым лекарам, але, не набраўшы неабходных балаў для паступлення ў медыцынскае вучылішча, Карын занялася грамадскай дзейнасцю[2].
Працавала палітычным аналітыкам тэлеканалаў NBC News і MSNBC, а таксама выкладала міжнародныя і грамадскія адносіны ў Калумбійскім універсітэце. Займала пасаду дырэктара па сувязях з грамадскасцю ў праваабарончай арганізацыі MoveOn.org.
Стартам кар’еры ў вялікай палітыцы пачынаючы з 2008 года паслужыў заняты ёю пост палітычнага дырэктара паўднёва-усходняга рэгіёну ў выбарчай кампаніі Барака Абамы падчас выбараў прэзідэнта ЗША, на якіх ён атрымаў перамогу.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі Джо Байдэна Карын Жан-П’ер была старэйшым саветнікам будучага кіраўніка дзяржавы[3].
З лістапада 2020 года стала першым намеснікам прэс-сакратара Белага дома. Першы брыфінг на гэтай пасадзе Карын Жан-П’ер правяла ў маі 2021 года. Раней была кіраўніком апарата кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалы Харыс падчас прэзідэнцкай кампаніі ЗША 2020 года[4].
«Яна стане першай цемнаскурай жанчынай і першым адкрытым прадстаўніком ЛГБТК+, які калі-небудзь займаў пасаду прэс-сакратара Белага дома. Яна мае шматгадовы досвед працы, пачынаючы з працы ва ўрадзе і палітыцы ў Нью-Ёрку, і заканчваючы гадамі, калі яна працавала адвакатам і саветнікам Джо Байдэна падчас яго віцэ-прэзідэнцтва. Яна гарачая, яна разумная, і ў яе ёсць маральны стрыжань, які робіць яе не толькі выдатным калегам, але і выдатнай мамай і чалавекам. У яе выдатнае пачуццё гумару», — так ахарактарызавала сваю пераемніцу Джэн Псакі. З 13 мая 2022 года займае пасаду прэс-сакратара Белага дома.
У Карын да верасня 2023 года былі адносіны з карэспандэнткай CNN Сюзан Мальва — у іх ёсць прыёмная дачка[5].
Крыніцы