Каміл Камал (нар. 1954, Грузія) — беларускі мастак.
Біяграфія
У 1977—1981 гг. вучыўся ў Бакінскім мастацкім вучылішчы імя Азім-Задэ; у 1981—1983 гг. — на факультэце жывапісу Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна (майстэрня Яўсея Маісеенкі). У 1990 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся на факультэце станковага, а затым манументальнага жывапісу (майстэрні Мая Данцыга і Гаўрылы Вашчанкі)[1].
Творчасць
Аўтар звыш трыццаці манументальных твораў у Беларусі, сярод якіх: скульптурная кампазіцыя фантана «Дрэва жыцця» (2004), помнікі героям СССР і вызваліцелям Беларусі ў г. Магілёве і г. Вілейцы (2009), помнік генерал-маёру М. Т. Раманаву ў г. Магілёве (2014), жывапіснае палатно «Песня» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (2006), роспіс «Узор» у Палацы Незалежнасці (2013)[1].
Карціны мастака сталі элементамі афармлення кніг В. Быкава, А. Карлюкевіча, Т. Зульфікарава, Г. Чарказяна, Р. Барадуліна[1].
Узнагароды
Уладальнік спецыяльнага дыплома I-й Мінскай міжнароднай выстаўкі «Арт-лінія». Браў удзел у Нацыянальным фестывалі архітэктуры (Мінск). Быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі «За творчыя дасягненні ў вобласці манументальна-дэкаратыўнага мастацтва»[1].
Зноскі