Расія з’яўляецца адным з ключавых удзельнікаў міжнародных адносін. З’яўляецца адным з пяці пастаянных членаў Савета бяспекі ААН. Нароўні з астатнімі сталымі членамі СБ, яна нясе асаблівую адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. Расія ўваходзіць таксама ў «Вялікую дваццатку» эканамічна развітых дзяржаў, раней таксама ўваходзіла ў «Вялікую васьмёрку» (з 2014 года далучэнне да яе прыпынена), з’яўляецца членам многіх іншых міжнародных арганізацый, уключаючы АБСЕ, а да 2022 года таксама Савет Еўропы. Асаблівае месца займаюць арганізацыі, створаныя на прасторы былога СССР, у асноўным пры вядучай ролі Расіі: СНД, ЕАЭС, АДКБ, ШАС.
Міжнародная супольнасць прызнае Расію дзяржавай-прадаўжальнікам СССР. Гэта азначае, што, з міжнародна-прававога пункту гледжання, Расія і СССР — адна і тая ж дзяржава (у адрозненне ад паняцця «правапераемнік», якое азначала змену адной дзяржавы іншай). Дзякуючы гэтаму Расія працягнула ажыццяўленне ўсіх міжнародных правоў і выкананне міжнародных абавязацельстваў СССР. Сярод іх асабліва важныя статус пастаяннага члена Савета бяспекі ААН, членства ў іншых міжнародных арганізацыях, правы і абавязацельствы па міжнародных дагаворах, маёмасці і даўгах перад іншымі дзяржавамі.