Замак быў пабудаваны з каменя ў 1095—1125 гадах баронам Гі з роду Баліялаў (англ.: Guy I de Balliol). Паміж 1125 і 1185 гадамі яго пляменнік Бернар дэ Баліял і яго сын Бернар II пашырылі будынак.
У 1216 годзе замак быў абложаны Аляксандрам II. Замак па-ранейшаму ўтрымліваўся Баліяламі, хоць іх правы аспрэчваліся біскупам дарэмскім. Калі Іаана I зрынулі з шатландскага каралеўскага трона ў 1296 годзе, замак быў перададзены біскупам дарэмскаму. Прыкладна ў 1300 годзе англійскі кароль Эдуард I перадаў замак графу Уорыку. У 1477 годзе падчас вайны Пунсовай і Белай ружы, Рычард, герцаг Глостэрскі (пасля Рычард III) авалодаў замкам, які стаў адной з яго ўпадабаных рэзідэнцый. У XV стагоддзі ў выніку жаніцьбы Рычарда III з Ганнай Невіл замак быў перададзены яе сям'і.
На працягу наступных двух стагоддзяў сямейства Невіл пашырыла замак. Аднак, калі Чарлз Невіл, 6-ы граф Уэстморленд быў пазбаўлены правоў за яго кіруючую ролю ў паўстанні, замак быў канфіскаваны. У 1626 годзе замак Барнард (а таксама замак Рэбі) былі перададзены Генры Вейну (англ.: Sir Henry Vane).
Вейн вырашыў зрабіць Рэбі сваім асноўным месцам пражывання, а замак Барнард застаўся закінутым. Частка яго муроў была знята і выкарыстана для дабудовы Рэбі.
Сучасны стан
Сёння замак знаходзіцца ў распараджэнні Фонду англійскай спадчыны і адкрыты для наведвання. Асаблівую цікавасць уяўляюць руіны XII стагоддзя цыліндрычная вежа, а таксама вялікая зала і вялікая палата XIV стагоддзя.