Абразанне жаночых палавых органаў, або калечанне жаночых палавых органаў — рытуальнае частковае або поўнае выдаленне знешніх жаночых геніталій без медыцынскай неабходнасці. Згодна «Дэкларацыі аб выкараненні гвалту ў адносінах да жанчын» Генеральнай Асамблеі ААН (рэзалюцыя 48/104, 20 студзеня1993 г.)[1] з’яўляецца адной з форм сацыяльнага гвалту, якая патрабуе выкаранення.
Найбольш старажытныя звесткі аб абразанні жаночых палавых органаў адносяцца да Старажытнага Егіпту. Вядома, што рымляне часам абразалі рабынь, каб такім чынам спыніць магчымасць палавых актаў і далейшай цяжарнасці[2]. Аднак абразанне жаночых палавых органаў з самога пачатку магло ўзнікнуць ў розных месцах у межах адзначанага вышэй рэгіёну. Так, яшчэ адным меркаваным месцам узнікнення традыцыі з'яўляецца экватарыяльная Афрыка[3], дзе такія аперацыі мелі месца нібы для прадухілення гвалтавання дзяўчын-пастушак, або як форма рэлігійнага ахвяравання. Пазней яна распаўсюдзілася шырэй дзякуючы культурным кантактам або гандлю рабамі.
Тып I: частковае (Iа) або поўнае (Iб) выдаленне клітара і/або крайняй плоці (клітарыдэктамія).
Тып II: частковае або поўнае выдаленне клітара і малых палавых губ з сячэннем або без сячэння вялікіх палавых губ. Знутры гэтага тыпу вылучаюць IIа (выдаленне толькі малых палавых губ), IIб (частковае ці поўнае выдаленне клітара і малых палавых губ), IIв (частковае ці поўнае выдаленне клітара, малых і вялікіх палавых губ).
Тып III: звужэнне адтуліны похвы з закрыццём праз стварэнне ўшчыліны шляхам разразання і збліжэння малых і/або вялікіх палавых вуснаў з сячэннем клітара або без яго. IIIа ўключае выдаленне і збліжэнне малых палавых губ. IIIб — выдаленне і збліжэнне вялікіх палавых губ.
Тып IV: усе іншыя шкодныя для жаночых палавых органаў працэдуры немедыцынскага характару, накшталт уколаў, пірсінгу, надразання, саскрабання і прыпякання.
Наступствы
Сусветная арганізацыя аховы здароўя паведамляе[5], што аперацыі на жаночых палавых органах без медыцынскай неабходнасці не маюць пераваг для здароўя. Наадварот, вядома, што яны шкодны для дзяўчынак і жанчын. Перш за ўсё, гэта балюча і траўматычна. Выдаленне ці пашкоджанне здаровых нармальных тканін палавых органаў парушае натуральнае функцыянаванне арганізма і выклікае шэраг непасрэдных і доўгатэрміновых наступстваў для здароўя. Напрыклад, дзеці, народжаныя ад жанчын, што падвергліся такім аперацыям, пакутуюць больш высокім узроўнем ранняй смяротнасці, у 25% выпадкаў немаўля мае нізкую вагу пры нараджэнні ці сур'ёзную інфекцыю. З пункту гледжання правоў чалавека, гэтая практыка адлюстроўвае глыбока ўкаранелую няроўнасць паміж паламі і ўяўляе сабой крайнюю форму дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Аперацыі на жаночых палавых органах амаль заўсёды праводзяцца ў адносінах да непаўналетніх і, такім чынам, з'яўляюцца парушэннем правоў дзіцяці. Гэтая практыка таксама парушае правы на здароўе, бяспеку і фізічную недатыкальнасць чалавека, права быць свабодным ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага ці зневажальнага для годнасці абыходжання, а таксама права на жыццё, калі працэдура прыводзіць да смерці.