«Евангеліён» (яп.: 新世紀エヴァンゲリオン, Shinseiki Evangerion, літ. «Евангелле новага стагоддзя», міжнародная назва — Neon Genesis Evangelion), або скарочана «Ева», — анімэ-серыял у жанры «меха», зняты рэжысёрам Хідэакі Анна на студыі Gainax. Серыял выходзіў з 4 кастрычніка 1995 па 27 сакавіка 1996 года. Сцэнарый напісаны шасцю сцэнарыстамі, аднак у стварэнні сюжэту чацвёртай серыі Анно ўдзелу не прымаў[5]. Супрадзюсарамі серыяла выступілі TV Tokyo і Nihon Ad Systems (NAS). Пасля выходзіла мноства твораў па матывах франшызы, такіх як анімэ, гульні і манга.
Аднайменная манга «Евангеліён» за аўтарствам Ёсіюкі Садамота была першапачаткова прыдумана для стварэння цікавасці да франшызы перад выпускам анімэ-серыяла[6]. Манга пачала публікавацца з 1 лютага 1995 года і была завершана толькі ў чэрвені 2013 года[7][8]. Ёсіюкі Садамота таксама з’яўляўся дызайнерам персанажаў анімэ-серыяла. Паводле яго слоў, каманда праекта дала яму доступ да раскадроўкі серыяла і не ўмешвалася ў працэс стварэння мангі, а ён не кансультаваўся з імі[9].
Анімэ і манга апавядаюць пра барацьбу арганізацыі Nerv з таямнічымі стварэннямі — «Анёламі», якія па невядомых прычынах нападаюць на чалавецтва. З мэтай абароны ад уварвання анёлаў выкарыстоўваюцца біяробаты «Евангеліёны», распрацаваныя арганізацыяй папярэдніцай Nerv — Gehirn (ням. Мозг). Кіраваць гэтымі робатамі могуць толькі некаторыя 14-летнія падлеткі, якіх называюць «Дзецьмі» або «Дзіця», калі гаворка ідзе пра асобнага пілота. Пры гэтым анімэ і манга маюць некаторыя разыходжанні ў сюжэце. Так, напрыклад, у манзе з’яўляецца толькі 12 анёлаў замест 17 у серыяле, і ў першым баі, у адрозненне ад анімэ, удзельнічае Рэй Аянамі на Евангеліёне-01.
Пасля выхаду серыял атрымаў шэраг узнагарод. Таксама набылі папулярнасць і яго асобныя элементы. Так, Сіндзі Ікары і Рэй Аянамі займалі першыя месцы гран-пры часопіса Animage у намінацыях на самых папулярных мужчынскага і жаночага персанажаў адпаведна і ў 2010 годзе былі прызнаныя часопісам Newtype самымі папулярнымі мужчынскім і жаночым анімэ-персанажамі 90-х. Галоўная тэма серыяла (опэнінг) A Cruel Angel’s Thesis стала хітом. Да 2007 года выйшла да 6 тысяч разнавіднасцяў спадарожных серыялу тавараў, а выручка студыі за кошт гэтага серыяла складала больш за 150 мільярдаў ен (каля 1,2 мільярда долараў ЗША)[10]. Розная сувенірная прадукцыя, звязаная з серыялам, выпускаецца і да гэтага часу. Так, напрыклад, выпускалася серыя фігурак Анёлы-XX, звязаная з вобразам Рэй Аянамі і Анёлаў.
| У іншым моўным раздзеле ёсць паўнейшы артыкул Neon Genesis Evangelion(ням.) Вы можаце дапамагчы праекту, пашырыць цяперашні артыкул праз пераклад. |
Крыніцы