Нарадзілася ў сям’і балгарскага эмігранта і расла ва ўмовах сярэдняга класу ў Белу-Арызонты. У юнацтве стала прытрымлівацца сацыялістычных поглядаў і падчас дзяржаўнага перавароту 1964 года далучылася да левых і марксісцкіх гарадскіх партызанскіх атрадаў, якія змагаліся супраць ваеннай дыктатуры, у выніку чаго была захоплена, падвергнута катаванням і асуджана да турэмнага зняволення з 1970 да 1972 года.
Пасля вызвалення перабудавала сваё жыццё ў Порту-Алегры з Карласам Араухам, які быў яе мужам на працягу 30 гадоў. Абодва ўдзельнічалі ў заснаванні Дэмакратычнай рабочай партыі ў Рыу-Гранды-ду-Сул і прымалі ўдзел ў некалькіх выбарчых кампаніях партыі. Займала пасады сакратара казначэйства горада Порту-Алегры, а пазней міністра энергетыкі штата Рыу-Гранды-ду-Сул. У 2000 годзе пасля ўнутранай спрэчкі ў адміністрацыі Алівіі Дутры пакінула Дэмакратычную рабочую партыю і прыядналася да Партыі рабочых.
У канцы 2015 года супраць яе быў распачаты працэс імпічменту. Ёй былі прад’яўлены абвінавачванні ў парушэнні бюджэтнага заканадаўства. 3 снежня 2015 года імпічмент быў афіцыйна прыняты Палатай дэпутатаў, а 12 мая 2016 года Сенат часова прыпыніў паўнамоцтвы прэзідэнта на 6 месяцаў да абвяшчэння вердыкту. Падчас перапынку віцэ-прэзідэнтМішэл Тэмер стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта Бразіліі, а 31 жніўня 2016 года Сенат прагаласаваў на карысць імпічменту.