Асноўны фонд музея (2008) налічвае 11 976 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4561 адзінку. Плошча экспазіцыі 503 м², выставачнай залы — 131 м².
Фонды музея складаюць калекцыі археалагічных знаходак з раскопак на тэрыторыі горада і яго наваколля (1967-86 гг.), ткацтва, керамікі і шкла, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод найбольш цікавых экспанатаў калекцыя маляваных дываноў, якая налічвае 130 адзінак, з іх 30 зроблены Я.Драздовічам. У калекцыі жывапісу і графікі захоўваецца збор мастацкіх твораў В. Маркаўца, В. Сташчанюка, Г. Вашчанкі і інш.
Музейна-выставачны комплекс адкрыты для наведвання ў 1992 г. У зале габеленаў прадстаўлены творы беларускіх мастакоў В. Дзёмкінай і Ю. Піскуна «Рагнеда», «Полацкія званы» (абодва 1991 г.), «Малітва» (1992 г.). Тэма гісторыі Полацкага княства і Заслаўя перадаецца праз вобразы Рагнеды і Ізяслава. Зала «Музыка вячорак» знаёміць з музычнай культурай беларускіх вёсак і мястэчак. Экспануюцца музычныя інструменты, сабраныя з усёй Беларусі і аб'яднаныя ў вясельныя гурты: гармонікі, цымбалы, скрыпкі, жалейкі, бубны. У выставачнай зале праводзяцца часовыя абменныя выстаўкі з фондаў музеяў і прыватных творчых майстэрняў Беларусі.
музей «ДАП»
З ваенна-інжынернымі збудаваннямі ўздоўж заходняй мяжы СССР у перадваенны перыяд (1932-34 гг.) знаёміць музей «ДАП» у ваколіцы Заслаўя (2004). Трохамбразурны агнявы пункт быў узброены 3 станковымі кулямётамі «максім» на спецыяльных станках з цэнтральнай сістэмай ахаладжэння і адным ручным кулямётам сістэмы Дзегцярова.
Спасылкі
zaslaue.by — афіцыйны сайт Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе»