Генрых III Белы (польск.: Henryk III Biały, 1222/1230 — 1266) — князь уроцлаўскі.
Біяграфія
Генрых III быў трэцім па старшынстве сынам князя Генрыха II і чэшскай каралеўны Ганны. Калі ў 1241 годзе бацька загінуў у бітве пад Легніцай, Генрых быў яшчэ малы, і таму знаходзіўся пад апекай маці. Уладанні бацькі атрымаў у спадчыну старэйшы сын Баляслаў II Рагатка.
У 1242 годзе памёр другі сын Генрыха Набожнага Мешка, у выніку чаго Генрых III стаў галоўным спадчыннікам пасля Баляслава. У 1247 годзе Генрых дасягнуў паўналецця, але Баляслаў не жадаў дзяліцца з ім уладай. У выніку мецяжу малодшых братоў Баляслаў быў палонены, і прымушаны зрабіць Генрыха сваім суправіцелем, аднак варожасць паміж братамі ў выніку прывяла да рашэння падзяліць бацькаўскую спадчыну. Сілезія была падзелена на дзве часткі — Уроцлаўскае княства і Легніцкае княства — і Баляславу, як старэйшаму з братоў, было прапанавана зрабіць выбар. Да здзіўлення многіх, ён выбраў не Уроцлаў, а Легніцу, бо там, у раёне рэк Качава і Вежбяк, было выяўлена золата.
Магчыма, Баляслаў разлічваў, што Генрых сутыкнецца з цяжкасцямі пры кіраванні наравістым Уроцлавам, і княства ў выніку вернецца да яго, але ў гэтым выпадку ён аблічыўся: Генрых апынуўся моцным кіраўніком, і мясцовае дваранства адразу ж адчула на сабе яго цвёрдую руку.
Тым часам, падрасталі малодшыя браты Конрад і Уладзіслаў. Генрыху ўдалося ўгаварыць Уладзіслава выбраць духоўны шлях, аднак спроба Баляслава зрабіць тое ж самае з Генрыхам правалілася: той захацеў атрымаць сабе ўдзел. Наспяваў адкрыты канфлікт паміж Генрыхам (які падтрымліваў Конрада) і Баляславам, і Баляслаў быў вымушаны вылучыць Конраду Глогаўскае княства. Аднак трэнні працягваліся, а Генрыха вайна не задавольвала, і ў 1253 годзе, калі Конраду ўдалося зрынуць Баляслава, ён дапамог старэйшаму брату вярнуць прастол.
У 1250—1260-х гадах Генрых стаў самым магутным з князёў Ніжняй Сілезіі, што прывяло да ўцягвання яго ў міжнародную палітыку: апроч заключэння саюзаў са сваякамі ў Аполлі і Глогаве, ён шмат разоў наведваў Прагу. Аднак супрацоўніцтва з каралямі Багеміі не прывяло да чаканых вынікаў, а вайна паміж чэхамі і венграмі за Бабенбергскую спадчыну закранула і польскія землі. Ва ўнутранай палітыцы Генрых спрыяў інтэнсіўнай нямецкай каланізацыі Ніжняй Сілезіі. Дыктатарская палітыка прывяла да паўстання ва Уроцлаве ў 1266 годзе, якое стала поўнай нечаканасцю для Генрыха. Праз некалькі месяцаў пасля прыгнечання паўстання ён нечакана памёр.
Сям’я і дзеці
2 чэрвеня 1252 года Генрых ажаніўся з Юдытай Мазавецкай, удавой князя Мешкі II Апольскага і дачкой вялікага князя Конрада Мазавецкага. У іх было двое дзяцей:
Ядвіга (1256—1300), якая ў першы раз выйшла замуж за Генрыха Плейснерландскага, а ў другой — за Атона Анхальт-Ашэрслебенскага