Вярхоўны Савет УССР

Вярхоўны Саве́т УССР (укр.: Верховна рада УРСР) — вышэйшы орган дзяржаўнай улады і адзіны заканадаўчы орган былой Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Паўнамоцтвы

Вярхоўны Савет УССР выбіраў справаздачны яму Прэзідыум, утвараў Урад УССР — Савет Міністраў УССР і выбіраў Вярхоўны Суд УССР. Таксама дэпутаты выбіралі кіраўнікоў аблвыканкамаў і часткова іх намеснікаў, вышэйшы камандны склад размешчаных на тэрыторыі Украіны ваенных акругаў.

Да паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета таксама належала права:

  • змяняць Канстытуцыю УССР і прымаць новую;
  • выдаваць і сцвярджаць народна-гаспадарчыя планы і Дзяржаўны бюджэт УССР;
  • кантраляваць стан і кіраванне прадпрыемствамі саюзнага падпарадкавання і сачыць за імі;
  • прадастаўляць права грамадзянства УССР і г.д.

Гісторыя

Першыя выбары ў Вярхоўны Савет УССР адбыліся 26 чэрвеня 1938 года. Былі абраныя 304 дэпутаты. Першая сэсія Вярхоўнага Савета была праведзена ў Кіеве 25—28 ліпеня 1938 года. Старшынёй быў абраны Міхаіл Бурмістанка, Прэзідыум Вярхоўнага Савета УССР узначаліў Леанід Карніец.

Пасля далучэння Заходняй Украіны 24 сакавіка 1940 года на гэтых тэрыторыях былі праведзены давыбары — выбрана яшчэ 80 дэпутатаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Вярхоўны Савет УССР працаваў ва ўмовах ваеннага часу. У сувязі з акупацыяй у 1941 годзе тэрыторыі Украіны Прэзідыум Вярхоўнага Савета УССР быў эвакуіраваны ў Саратаў.

На працягу 1940—1950-х гадоў заканатворчасць фактычна вычэрпвалася ўдасканаленнем асобных артыкулаў Канстытуцыі і ўжо дзеючых законаў УССР. Пад канец 1950-х гадоў заканадаўчая дзейнасць Вярхоўнага Савета актывізавалася, што было абумоўлена неабходнасцю правядзення пачатых першым сакратаром ЦК КПСС М. Хрушчовым рэформ у савецкай сістэме ўлады.

У 1970-х гадах заканатворчасць пашыраецца, інтэнсіфікуецца кадыфікацыя рэспубліканскага заканадаўства. Канстытуцыя УССР 1978 года зацвердзіла тэрмін паўнамоцтваў у 5 гадоў і фіксаваную колькасць дэпутатаў у 650 чалавек.

Апошнія выбары ў Вярхоўны Савет УССР ва ўмовах існавання Савецкага Саюза адбыліся ў 1990 годзе (12 скліканне). Пасля прыняцця Акту абвяшчэння незалежнасці Украіны Вярхоўны Савет УССР быў ператвораны ў Вярхоўную Раду Украіны (у далейшым некаторы час працягвалася нумерацыя скліканняў з 1938 года).

Спіс старшыняў

  1. Міхаіл Бурмістанка (1938—1941)
  2. Аляксандр Карнейчук (1947—1953)
  3. Павел Тычына (1953—1959)
  4. Аляксандр Карнейчук (другі раз, 1959—1972)
  5. Міхаіл Белы (1972—1980)
  6. Канстанцін Сытнік (1980—1985)
  7. Платон Касцюк (1985—1990)
  8. Уладзімір Івашка (1990)
  9. Іван Плюшч (1990, в. а.)
  10. Леанід Краўчук (1990—1991)

Спасылкі

Strategi Solo vs Squad di Free Fire: Cara Menang Mudah!