Беларускія казкі, з аднаго боку, характарызуюцца падабенствам да казачнага эпасу іншых славянскіх народаў, асабліва найбліжэйшых суседзяў[1], з другога боку, у іх багата адметных рысаў, дзякуючы чаму ствараецца своеасаблівая суцэльная прастора персанажаў, тэм і сюжэтаў. Беларускім казкам уласцівыя глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, маральная цнатлівасць і чысціня, непараўнаны, непераймальны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання[2].
Асноўнай адметнасцю беларускага казачнага фальклора з’яўляецца моцная міфалагічная аснова і захаванне шматлікіх ведаў пра побыт і ўяўленні пра навакольны свет людзей ранейшых часоў[3].
Некаторыя жанры ў беларусаў куды багацейшыя, чым у суседзяў: да прыкладу, у беларускім рэпэртуары недзе 500 сюжэтаў легендарных казак, ва ўкраінскім — 196, а ў расійскім — 56[4]. Савецкі даследчык М. У. Новікаў налічыў у беларускіх казках 230 сюжэтных тыпаў (ва ўкраінскіх — 187, у рускіх — 144)[5].
Адметная асаблівасць беларускага казачнага эпасу — казкі пра гераічных волатаў-асілкаў, што перамагаюць розных пачвар («Каваль-волат», «Удовін сын»). Да больш позніх, паводле ўзнікнення, належаць казкі сацыяльна-побытавыя («Пану навука», «Мужык і пан», «Зайздросны поп»). Шмат якія беларускія казкі, асабліва побытавыя, прасякнутыя жыццярадасным гумарам[6].
Класіфікацыя
Умоўна беларускія казкі можна падзяліць на тры асноўныя групы[2]:
Казкі пра жывёл
Чарадзейныя або міфічныя казкі
Бытавыя казкі, аповяды і анекдоты
Кожная з груп беларускіх казак вылучаецца сваімі асаблівасцямі зместу, сістэмай вобразаў, характэрнымі прыёмамі мастацкага адлюстравання рэчаіснасці[1]. Менш пашыраны казкі кумулятуўныя, авантурныя, навелістычныя, дакучныя[7].
Казкі пра жывёл
Казкі пра жывёл лічацца найбольш старажытнымі па паходжанні, змястоўнай сутнасцю сваёй яны ўзыходзяць яшчэ да такіх ранніх форм першабытнага светапогляду, як анімізм (адушаўленне) і антрапамарфізм (ачалавечванне). Трэба бачыць у іх таксама і далёкія водгукі татэмізму[2]. Па сваім змесце казкі аб жывёлах выглядаюць злучэннем чалавечага і жывёльнага элемента[2]. Беларускія казкі аб жывёлах на думку многіх аўтарытэтных даследчыкаў, багатыя, разнастайныя, вылучаюцца высокім паэтычным майстэрствам і ўпрыгожваюць казачны эпас усходніх славян[8].
Паводзіны жывёл у казках атаясамліваюцца з дзейнасцю чалавека, гэтыя казкі часткова адлюстравалі ў сабе розныя эпохі гістарычнага развіцця ўсходніх славян наогул і беларускага народа ў прыватнасці[9].
Беларускія казкі пра жывёл у большасці выпадкаў захоўваюць і строгую, заснаваную на сіле іерархію ў адносінах паміж імі, што дае шырокія магчымасці для паказу сацыяльных адносін у грамадстве, падзеленым на антаганістычныя класы[10]. Мядзведзь дужы, таму ён пануе над усім звярыным царствам (казка «Дзедава рукавічка»), нягледзячы на відавочную непаваротлівасць і неразумнасць. Яго недалёкасцю шырока карыстаюцца ў сваіх інтарэсах іншыя драпежнікі, якія крыўдзяць безабаронных звяроў. Гэтыя казкі вельмі нагадвалі слухачам жыццё, у якім дужы панаваў над слабым, багаты над бедным. Казкі, якія выкрывалі сацыяльную няроўнасць і адлюстроўвалі крытычныя адносіны народа да рэлігіі, царквы і яе служкаў («Ліса-каталічка», «Курка-рабушка»), набылі сатырычнае гучанне[10].
У казках аб жывёлах народ з павагай гаворыць аб сяброўстве, шчырай і бескарыснай дапамозе, імкненні да справядлівасці і рашуча асуджае няўдзячнасць, здрадніцтва таварышам. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыю, зайздрасць, баязлівасць[10].
Чарадзейныя казкі
Чарадзейныя казкі па сваім паходжанні таксама належаць да найбольш старажытных. Галоўнае ў іх зместе — гэта мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё ў будучым, іх імкненні пакараць сабе сілы прыроды і перамагчы сацыяльнае зло, а таксама іх барацьба з чужаземнымі ворагамі — заваёўнікамі[2]. У аснове многіх чарадзейных казак ляжыць сацыяльны канфлікт, які адлюстраваў спрадвечнае жаданне працоўных пазбавіцца ад эксплуатацыі[1]. У казачным эпасе беларускага народа колькасна пераважаюць чарадзейныя казкі, у якіх дзейнічаюсь героі, здольныя на незвычайныя ўчынкі, нярэдка яны разам з памочнікамі перамагаюць злосных пачвар[7]. У гэтых казках выяўляюцца мары чалавека пра лепшае жыццё[7].
Існуе шэраг чарадзейных казак, дзе распавядаецца пра пераўтварэнні чалавека ў жывёл («Аб ведзьме, што мужыка ў сабаку перакінула», «Пра ахотніка», «Казачнік і пасельнік»). Даследчыкі лічаць такі пласт казак адным з самых старажытных і звязваюць яго з татэмічнымі ўяўленнямі людзей[11].
Да нашага часу дайшло шмат беларускіх казак і песень, якія захавалі вобразы і сюжэты былін. У распаўсюджанай беларускай казцы «Іванка Прасцячок» бачныя сляды быліннага сюжэту. Як і Ілля Мурамец, Іванка Прасцячок седзьма сядзеў на печы трыццаць тры гады. Яго вылечваюць тры старцы, пасля чаго ён ідзе змагацца супраць памешчыкаў, прыгнятальнікаў беларускага народа. Служэнню грамадскаму абавязку і заняволенай радзіме падпарадкаваныя ўсе дзеянні Іванкі Прасцячка. У казцы выкарыстоўваюцца былінныя прыёмы гіпербалізацыя для адлюстравання адвагі і волатаўскай адвядзі героя[12].
Сацыяльна-бытавыя казкі
Сацыяльна-бытавыя казкі маюць больш позняе паходжанне. У іх адлюстраваны рост класавай свядомасці працоўных, барацьба супраць сацыяльнай няроўнасці[7]. Сярод сацыяльна-бытавых казак асабліва трэба вылучыць пласт антыпанскіх і антыцаркоўных казак. Адмоўным персанажам баларускіх антыпрыгонніцкіх казак амаль заўсёды з’яўляецца пан-чужаземец[2]. Прадметам сатырычнага адлюстравання ў антыклерыкальных казках часцей за ўсё з’яўляюцца такія тыповыя рысы духоўнікаў, як ханжанства і крывадушнасць, прагавітасць і нахабства, паразітызм і амаральнасць[2]. Уласна бытавыя казкі малююць селяніна ў яго паўсядзённым жыцці, услаўляюць працавітасць, глыбокі розум, дасціпнасць і сціпласць простата чалавека, асуджаюць гультайства, прагнасць, зайздрасць і іншыя заганы. Многія бытавыя казкі — гумарыстычныя, жартоўныя творы[1]. Сацыяльна-бытавыя казкі ахопваюць шырокае кола сацыяльных праблем: цяжкае жыццё прыгоннага сялянства, антаганістычныя супярэчнасці ў класавым грамадстве, высмейваюцца эксплуатацыя працоўных, выкрываецца рэакцыйная сутнасць царквы, крытыкуюцца людскія заганы і недахопы[7].
Па асаблівасцях адлюстравання рэчаіснасці, па характеру мастацкай выдумкі да сацыяльна-бытавых казак набліжаюцца авантурна-навелістычныя[1].
Значную частку беларускага казачнага эпасу складаюць творы, у якіх высмейваюцца і ганьбуюцца розныя заганы ў чалавечым характары, напрыклад, непачцівыя адносіны да бацькоў, нетактоўнасць, зайздрасць, дурнота, імкненне пажывіцца за чужы кошт і многія іншыя. Такія творы адлюстроўваюць этычныя і маральныя погляды народа[2]. Бытавыя казкі сцвярджалі ідэал народнага героя — смелага, мудрага, дасціпнага і рашучага[7].
Вядомы рускі пісьменнік і літаратурны крытык В. Р. Бялінскі лічыў, что бытавыя казкі — «у тысячу разоў важнейшыя за ўсе багатырскія казкі, таму што ў іх ярка адлюстроўваецца народны розум, народны погляд на рэчы і народны быт. У адносінах апошняга яны могуць лічыцца самымі каштоўнымі гістарычнымі дакументамі»[13].
Збіранне, публікацыя і вывучэнне беларускіх казак, песень і іншых жанраў фальклору ставіцца да канца XVIII стагоддзя. У першай палове XIX стагоддзя выходзіць з друку шэраг каштоўных зборнікаў беларускага фальклору. Шырокае збіранне, публікацыя і даследаванне беларускага фальклору пачынаецца ў другой палове XIX стагоддзя. У 1868 М. Дзмітрыеў у г. Гродна выдае каштоўны зборнік «Вопыт збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю». Праз год ім выдаецца ў Вільні «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю»[12].
Шмат зрабіў у галіне збору і публікацыі беларускага фальклору І. І. Насовіч. З 1886 года сталі выходзіць зборнікі беларускага фальклору Е. Р. Раманава пад агульнай назвай «Беларускі зборнік» (9 выпускаў), куды ўвайшлі 1200 народных песень і 321 казка, сотні прыказак, загадак, замоў. Гэта першы збіральнік, які сам асабіста запісваў беларускі фальклор[12].
Другім буйным збіральнікам беларускага фальклору, у тым ліку і казак, быў П. В. Шэйн, які выдаў зборнік ў чатырох кнігах пад агульнай назвай «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю»[12].
Толькі ў дарэвалюцыйны час выдадзена каля ста зборнікаў беларускага фальклору, але гэта нязначная частка таго, што існавала ў народзе.
Вядомыя казачнікі
Сярод народных майстроў-казачнікаў дакастрычніцкай Беларусі вылучаліся Рэдкі і Азёмша, ад якіх запісваў матэрыял у прыватнасці А. Сержпутоўскі. Рэдкі любіў расказваць як цудадзейныя, так і рэалістычныя казкі, а Азёмша ў асноўным рэалістычныя казкі, народныя анекдоты, у прыватнасці накіраваныя супраць духавенства («Новы чорт», «Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп»). Адам Багдановіч запісаў многія казкі са слоў сваёй бабулі Рузалі Асьмак, якую лічыў выключна таленавітай расказчыцай.
…мы можам смела сцвярджаць, што па жывасці і хараству апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных
Беларускія казкі патрапілі ў знаныя зборнікі рускіх казак А. М. Афанасьева(руск.) (бел., у «Bajarz polski» А. Глінскага і атрымалі ў фалькларыстаў высокую ацэнку. Яны папулярныя не толькі ў суседзяў, напрыклад, з 1966 па 1980 г. у Германіі зборнік выбраных беларускіх казак на нямецкай мове «Belorussische Volksmarchen» перавыдаваўся дзесяць разоў[15] Са 122 казак, якія ўвайшлі ў зборнік, 36 з’яўляюцца перакладам упершыню апублікаваных беларускіх казак, запісаных вядомым спецыялістам па казках Львом Барагам. Ён таксама з’яўляецца аўтарам падрабязнага навуковага каментарыя да казачных тэкстаў і пасляслоўя да гэтага збору[16][17].
Сучасныя беларускія казкі
Казачны жанр застаецца вельмі запатрабаваным і ў сучасны час. Напрыклад, у выдавецтве «Мастацкая літаратура» штогод выходзяць зборнікі беларускіх аўтарскіх казак («Адзін кот і адзін год», «Нявеста для Базыля», «Зорная Кася» і іншыя), якія карыстаюцца нязменным попытам[18].
З улікам таго, што сучасныя дзеці жывуць у іншых рэаліях, чым іх аднагодкі ў былыя часы, сучасная казка насычаецца атрыбутамі дня сённяшняга. Напрыклад, у Анатоля Бутэвіча ёсць казка «Прыгоды Віруса Шкодзі» пра камп’ютарны вірус. Казкі Раісы Баравіковай «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларуса» і «Казачныя аповесці пра прыгоды міжпланетнага пажарнага і іншых мамырыкаў» таксама напісаны ў разліку на сучасных дзяцей[18].
Праект «Беларускія народныя казкі для дзетак»
17 лістапада 2010 года ў галерэі Нацыянальнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі «Народныя казкі для дзетак».
Знойдзеныя ў розных рэгіёнах Рэспублікі Беларусь Алегам Хаменкам старадаўнія беларускія казкі былі бязвыплатна перададзены ЮНІСЕФ.
↑Гл. працы Мікалая Нікольскага «Міталёгія і абрадовасць валачобных песень», Мінск, 1931;«Жывёлы ў звычаях, абрадах і веравонях беларускаго селянства», Мінск, 1933; «Происхождение и история белорусской свадебной обрядовости», Минск. 1956
↑ абвБеларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для філал. спец. ВНУ/К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. С. Ліс і інш.. — 2-е, перапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1988. — 415 с.
↑ абвгдБелорусские народные сказки / Составители С. И. Василенок, К. П. Кабашников, С. И. Прокофьев. — М.: Государственное издательство художественной литературы, 1958.
↑Фядосік, А. С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка — Мн.: Навука і тэхніка, 1995., — 160 с
↑13. Belorussische Volksmarchen /Hrsg/ von L/ Barag/ Ubers/ d/ Marchentexte aus d/ Beloruss: Hans-Joachim Grimm / 1-10 Aufl/ Akademie Verlag. Berlin. 1966. 647 p.
↑14. Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі усходнеславянскімі казкамі
↑ абОльга ПоклонскаяВ плену у сказки // Вечерний Минск : газета. — Мн.: Мінгарвыканкам, 12 ліпеня 2018. — В. 12791. — № 28. — С. 15. Архівавана з першакрыніцы 30 верасня 2018.
Бібліяграфія
Антырэлігійныя казкі, частушкі, прыказкі / Склад. А. І. Залескі, К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1957. — 270 с.
Беларускі казачны эпас / Склад. і ўступ. артыкул У. В. Анічэнка. — Мінск : Выдавецтва БДУ, 1976. — 206 с.
Беларускія народныя казкі : са зборнікаў Е. Р. Раманава / Складанне, падрыхтоўка тэксту, прадмова В. К. Бандарчыка. — Мінск : Дзяржвыд БССР, 1962. — 340 с. : іл.
Беларускія народныя казкі : Зборнік / Склад.: Г. А. Барташэвіч, К. П. Кабашнікаў ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., дап. — Мінск : Навука і тэхніка, 1986. — 512 с.
Кабашнікаў, К. П. Казкі і легенды роднага краю / склад. К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1960. — 262 с.
Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / склад., аўтар прадмовы К. П. Кабашнікаў; рэдактар В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1971. — 495 с.
Казкі ў сучасных запісах / Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1989. — 661 с.
Романов, Е. Р. Белорусский сборник. Вып. 6 : Сказки / Е. Р. Романов. — Могилев : Типография Губернского правления, 1901. — IV, 527, [2] с.
Сацыяльна-бытавыя казкі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; склад. тома, аўт. уступ. артыкула А. С. Фядосік; склад. і камент. Л. Р. Бараг; рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]; рэд. В. К. Бандарчык. — Мінск : Навука і тэхніка, 1976. — 520 с. : іл. — (Беларуская народная творчасць).
Сержпутоўскі, А. К. Казкі і апавяданні Беларускага Палесся : са зборнікаў А. К. Сержпутоўскага / [склад., падрых. тэксту і паказальнік да казак А. С. Фядосіка; рэд. В. К. Бандарчык; прадмова В. К. Бандарчыка, А. С. Фядосіка]. — Мінск : Беларусь, 1965. — 324 с. : іл.
Сказки Неманского края. — Вильнюс : Гослитиздат, 1951. — 125 с.
Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 1 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнауства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраул. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 639 с. — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0545-5 (ч.1) : 2884. — ISBN 985-08-0551-X.
Чарадзейныя казкі : У 2 ч. Ч. 2 / НАН Беларусі. Ін-т мастацтвазнауства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы ; Склад. К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч ; Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.] ; Уступ. арт. К. П. Кабашнікава. — 2-е выд., выпраул. і дапр. — Мінск : Беларуская навука, 2003. — 691 с. — (Беларуская народная творчасць). — ISBN 985-08-0552-8 (ч.2) : 3874. — ISBN 985-08-0551-X.
Літаратура
Бараг, Л. Р. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак / Л. Р. Бараг. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978. — 247 с.
Восточнославянский фольклор : Словарь научной и народной терминологии / Ред. колл. : К. П. Кабашников (отв. ред.) [и др.]. — справ. изд. — Минск : Навука і тэхніка, 1993. — 479 с.
Кабашнікаў, К. П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян / К. П. Кабашнікаў. — Мінск : Навука і тэхніка, 1968. — 27 с.
Кабашнікаў, К. П. Сустрэчы з казкай : Кніга для настаўніка / К. П. Кабашнікаў, Г. А. Барташэвіч. — Мінск : Народная асвета, 1984. — 95 с.
Сравнительный указатель сюжетов : Восточнославянская сказка : указатель / сост. Л. Г. Бараг [и др.]. — Ленинград : Наука. Ленингр. отделение, 1979. — 438 с.
«Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» пад рэдакцыяй Н. С. Гілевіча
Бараг Л. Р. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі усходнеславянскімі казкамі. — Мінск: Вышэйшая школа, 1969. — 256 с.
Кабашнікаў К. П. Паказальнік сюжэтаў беларускіх казак. — У кн.: Чарадзейныя казкі. Частка II. Мінск, 1978, с. 603—686.
Бараг Л. Г. Беларуская казка. Пытанні вывучэння яе нацыянальнай самабытнасці параўнальна з іншымі ўсходнеславянскімі казкамі. Мінск, 1969, с. 159—179.