Навуковы супрацоўнік Інбелкульта (з 1923), разам з братам Язэпам Лёсікам вывучаў пытанні беларускага правапісу, удзельнічаў у складанні праекта рэформы правапісу. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канферэнцыі 1926 года. Член матэматычнай камісіі (1926), якая ўклала праект Слоўніка матэматычнай тэрміналогіі (1927, БНТ). У 1943 годзе апрацаваў і выдаў шостае выданне граматыкі Тарашкевіча (з Ант. Адамовічам і К. Шкуцькам) і ўласны «Беларускі правапіс».
Ён рыхтаваў Костуся да паступлення ў настаўніцкую семінарыю. Пісаў яму перад смерцю:
«Дарагі Костусь!
Пішу табе прадсмертнае пісьмо. Пішу карандашом у пасцелі, бо ўстаць за стол не магу. Звяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з вялікаю просьбай: не забывай Елены Ефімаўны.
Уміраць мне вельмі цяжка з-за таго, што я астаўляю Елену Ефімаўну адну, хворую, працаваць яна не можа, пенсіі не выхлапатала і астаецца без усякіх сродкаў да жыцця, ёй нават няма дзе галаву прыкланіць. Дочкі памагаць ёй не могуць, бо Ларыса жыве з двума дзецьмі ў страшэннай галечы, а Вера па свайму характару памагаць не будзе, тым больш, што яна часта бывае беспрацоўная. А я перад Еленай Ефімаўнай вельмі вінаваты: праз мяне яна страціла свой дом і сядзібу, але мяне захавала да глыбокай старасці. Каб не Елена Ефімаўна, то мае косці ўжо даўно згнілі б у зямлі. Вось чаму я звяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з просьбаю — не забывай Елены Ефімаўны.
Шчыра і вельмі-вельмі дзякую табе, дарагі Костусь, за ўсё, што ты зрабіў для нас. А я яшчэ ўдзячны табе за тое, што, дзякуючы табе, я знайшоў вечны пакой на бацькаўшчыне.
Прашчай, дарагі, мілы і добры Костусь!
Прашчайце, Міхаська і Данік!
Жадаю вам усім усяго добрага ў жыцці, жывіце на карысць дарагой радзімы!
А мой жыццёвы шлях ужо закончыўся.
Апошні з сям’і Юркі
дзядзька Антось.
Мікалаеўшчына».