Анкона (італ.: Provincia di Ancona) — правінцыя ў цэнтральнай Італіі, у рэгіёне Марке. Плошча 1 940 км², насельніцтва — каля 470 000 чалавек (на 2007 год).
Гісторыя
На працягу многіх стагоддзяў, пачынаючы з 774 года, гэты край уваходзіў у склад Папскай вобласці — як Анконская Марка. У 839 і 850 гг. Анконскую Марку спусташалі арабскія піраты. У 1357 годзе Анконскай Марцы дадзена была канстытуцыя. У XV—XVI стагоддзях Анконская Марка зрабілася прыстанкам для жыхароў Харватыі, Герцагавіны, Босніі і Бокі Котарскай, якія сыходзілі з родных земляў ад націску пераможных асманаў.
Падчас заваявальных войнаў Французскай рэвалюцыі на тэрыторыі Анконы на кароткі час была абвешчана Анканітанская рэспубліка, якая неўзабаве ўвайшла ў склад Рымскай рэспублікі. Пасля разгрому Напалеона ўлада Папы была адноўлена, але ненадоўга. У 1861 годзе Анкона ўвайшла ў склад Італьянскага Каралеўства. З таго моманту яе лёс непарыўна звязаны з лёсам аб’яднанай Італіі.
Цяпер правінцыя Анкона складаецца з 47 камун, адміністрацыйны цэнтр — старажытны горад Анкона.