Акадэмік НАН Беларусі — правадзейны член НАН РБ. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі.
Апісанне
У Беларусі званне акадэміка ўведзена 26 снежня 1928 года, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Беларускай Акадэміі Навук.
Правадзейнымі членамі (акадэмікамі) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выбіраюцца вядомыя вучоныя — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё навукі і ўзбагацілі яе працамі першараднага навуковага значэння. Званне акадэміка прысвойваецца па выніках выбараў Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Неабходнай умовай прысваення акадэмічных вучоных званняў з’яўляецца наяўнасць вучонай ступені доктара навук. Акадэмікам НАН Беларусі, у тым ліку пенсіянерам, якія маюць гэта званне, назначаюцца штомесячныя даплаты за акадэмічнае вучонае званне, памер якіх устанаўліваецца заканадаўствам.
Акадэмікі з’яўляюцца членамі аднаго з аддзяленняў НАН Беларусі ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, па якой яны абраныя, і могуць пераходзіць з аднаго аддзялення Акадэміі навук у іншае на падставе асабістай заявы і рашэння Прэзідыума НАН Беларусі. Кожны акадэмік карыстаецца правам рашаючага голасу на Агульным сходзе НАН Беларусі і на агульным сходзе аддзялення Акадэміі навук, членам якога ён з’яўляецца.
Выбары
5 чэрвеня 2009 года адбыліся выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі, было абрана 11 новых акадэмікаў.[1]
13-14 лістапада 2014 года адбыліся чарговыя выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі. На 24 вакансіі акадэмікаў[2] было вылучана 40 кандыдатур[3]. У выніку было абрана 16 новых акадэмікаў НАН Беларусі і 3 новыя замежныя члены НАН Беларусі[4]. Выбары на спецыяльнасцях «Механіка», «Біятэхналогія раслін», «Мікрабіялогія», «Анкалогія», «Кормавытворчасць, кармленне сельскагаспадарых жывёл», «Раслінаводства», «Тэхналогіі вытворчасці прадуктаў харчавання», «Тэхналогіі і сродкі механізацыі сельскай гаспадаркі (тэхнічныя навукі)» не адбыліся[3][4].
16 лістапада 2017 года адбыліся чарговыя выбары акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў. На 13 вакансій акадэмікаў і 31 вакансію членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 29 і 104 кандыдаты адпаведна. Самы вялікі конкурс адзначаны сярод кандыдатаў на званне акадэміка па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства» (дзевяць чалавек на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта найбольш прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці «Машынабудаванне» (дзесяць чалавек на месца). У выніку тайнага галасавання абрана 5 правадзейных членаў (акадэмікаў) і 22 члены-карэспандэнты[5]. Таксама абраны 6 замежных і 2 ганаровыя члены Акадэміі[6].
У 2021 годзе выбары адбыліся падчас сесіі Агульнага сходу НАН Беларусі 17 снежня 2021 года. На 23 вакансіі акадэмікаў і 27 вакансій членаў-карэспандэнтаў прэтэндавалі 30 і 57 кандыдатаў адпаведна. Самы вялікі конкурс на званне акадэміка адзначаны сярод кандыдатаў па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні» (тры чалавекі на месца). Сярод кандыдатаў на званне члена-карэспандэнта больш за ўсё прэтэндэнтаў было па спецыяльнасці «Матэрыялазнаўства» (дзевяць чалавек на месца). У выніку тайнага галасавання выбраны 19 правадзеных членаў (акадэмікаў) і 16 членаў-карэспандэнтаў[7]. На той жа сесіі Агульнага сходу было абрана 12 замежных членаў НАН Беларусі[8].
У 2024 годзе было абвешчана 13 вакансій акадэмікаў.[9]
Гл. таксама
Крыніцы
Спасылкі